АБРАД “НАМСКІ ВЯЛІКДЗЕНЬ”

ВЁСКА АБРОВА, ІВАЦЭВІЦКІ РАЁН, БРЭСЦКАЯ ВОБЛАСЦЬ

Абрад “Намскі Вялікдзень” з’яўляецца адметным праяўленнем лакальнай культурнай традыцыі в.Аброва Івацэвіцкага раёна і праводзіцца штогод у чацвер Вялікоднага тыдня.

Першы чацвер пасля Вялікадня – асаблівы дзень для Аброва, амаль ужо стагоддзе адзначаюць яшчэ адзін Вялікдзень – Намскі, што азначае “наш”, “нам дадзены”. Сёння для мясцовых жыхароў гэта радасная і ўзнёслая падзея. У дваццатыя гады мінулага стагоддзя, калі зарадзіўся гэты абрад, аброўцам было не да святаў. Пачалося ўсё з таго, што ў вёсцы сталі хварэць і паміраць дзеці. Ніхто не мог дапамагчы і не ведаў, што рабіць. І тады старыя людзі падказалі: жанчынам вёскі ноччу сабрацца ў адной хаце, напрасці нітак і саткаць з іх за адну ноч рушнік. А мужчынам у гэты час змайстраваць ківот для абраза Маці Божай, паставіць туды абраз, накрыць яго сатканым за ноч рушніком і абысці ўсю вёску па крузе, заходзячы ў кожны двор. Так і зрабілі. І здарыўся цуд: дзеці акрыялі, мор адышоў. А жыхары вёскі з таго моманту далі сабе зарок: вось так абыходзіць вёску штогод у чацвер пасля Вялікадня, і тады ліхалецце і няшчасці будуць мінаць Аброва. Таму Намскі Вялікдзень – з так званых “заветных свят”, ці аброчных дзён, якія былі ўстаноўлены па абяцанні як падзяка або аброк Богу за дапамогу жыхарам вёскі пры ўзнікненні эпідэмій, мору і іншых няшчасцяў. Слова сваё аброўцы стрымалі: абрад здзяйснялі з года ў год. І, лічаць старажылы, Бог бараніў мясцовых. Абраз Маці Божай, Захавальніцы Аброўскай, шануецца тут асабліва. Мясцовыя жыхары ўпэўнены: дзякуючы яму, удалося сто гадоў таму выратаваць дзяцей вёскі ад невядомай хваробы, і, менавіта, Маці Божая бараніла вёску і яе жыхароў у часы вайны. Працэсія, між тым, рухаецца далей: двор за дваром. Кожны год абраз Маці Божай – Храніцелькі Аброўскай, у спецыяльнай хатцы (ківоце) выносіцца з Міхайлаўскай царквы і разам з харугвамі і крыжам “абыходзіць” у святочнай працэсіі двары вёскі. Сёння для аброўцаў Намскі Вялікдзень не проста нейкае дзеянне – гэта жывая і актуальная традыцыя, якая спалучае народныя абрады з хрысціянскай духоўнасцю.