Тапанімічны аб’ект «Княжая Гара»

Тапанімічны аб’ект «Княжая Гара» – урочышча Княжая Гара, в.Ляхчыцы Кобрынскага раёна

У паўднёвым напрамку ад вёскі знаходзіцца пагорак, які называецца Княжая гара. Пагорак мае вышыню ў амаль 10 метраў, аднак, непадалёк размешчаныя і больш высокія ўзгоркі.

Пра Княжую гару існуе мясцовае паданне:

Даўно тое было. Княгіня Вольга тут праходзіла. Была яна руская… Некалі забілі мужа яе, Уладзіміра, і пайшла Вольга ваяваць з ворагамі… Вольга хітрасцю перамагла ворагаў, перакаваўшы ў коней капыты наадварот. Але за Дзівінам быў пост, і адтуль салдаты яе даганялі. У той час наша гара над балотамі стаяла, лесу на ёй не было. Там княгіня і спынілася. У той час варожыя войскі наступалі з поўдня, ад Навасёлак. На гары і напаткала смерць Вольгу… Там яе і пахавалі. Як кажуць, магіла была амаль пад вяршыняй. 3 таго часу гара і завецца Княжаю. Здаўна на магіле стаяў просты драўляны крыж, але, напэўна, пры бальшавіках яго знялі…
 

Княжая гара аказала вялікі ўплыў на развіццё вёскі Ляхчыцы і суседняй акругі. У Пакроўскай царкве вёскі Хабовічы, у прыход якой уваходзяць Ляхчыцы, захоўваўся летапіс пра падзеі, звязаныя з урочышчам, а 24 ліпеня «на Вольгу» адзначаецца прыстольнае храмавае свята. У Ляхчыцах вельмі распаўсюджана жаночае імя Вольга.

Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 2 снежня 2008 г. № 659 заснаваны афіцыйныя геральдычныя сымбалі вёскі Ляхчыцы — герб і сцяг, на якіх намалявана княгіня Вольга.