ТВОРЧАСЦЬ МІКАЛАЯ ТАРАСЮКА, УВАСОБЛЕНАЯ Ў ТВОРАХ НАРОДНАГА ДЭКАРАТЫЎНА-ПРЫКЛАДНОГА МАСТАЦТВА (ІНСІТНАЯ ДРАЎЛЯНАЯ СКУЛЬПТУРА)

ВЁСКА СТОЙЛЫ, ПРУЖАНСКІ РАЁН, БРЭСЦКАЯ ВОБЛАСЦЬ

МІКАЛАЙ ВАСІЛЬЕВІЧ ТАРАСЮК – самабытны майстар разьбы па дрэве. Нарадзіўся ў 1932 годзе ў в.Стойлы Пружанскага р-на Брэсцкай вобласці У 2002 годзе “за стварэнне ўнікальных драўляных расфарбаваных кампазіцый, асабісты ўклад у адраджэнне і развіццё народных традыцый драўлянай скульптуры” ён узнагарожданы спецыяльнай прэміяй Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь дзеячам культуры і мастацтва ў намінацыі “народная творчасць”.

У 1999 г. М.В. Тарасюк уласнымі сіламі пабудаваў на сваёй сядзібе ў в.Стойлы музей, які назваў “Успаміны Бацькаўшчыны”. У музеі сабрана каля 100 работ майстра – скульптурныя кампазіцыі на тэмы сялянскага жыцця (выкананы ў тэхніцы разьбы па дрэве, расфарбованы і ўмацаваны на падстаўках, плеценых з лазы).

Творы М.В. Тарасюка – сапраўдная сялянская энцыклапедыя, у яго скульптурах адлюстраваны ўсе важныя этапы чалавечага жыцця: ад нараджэння да смерці.

Творчасць гэтага сялянскага майстра – унікальная мастацкая з’ява. Яго творы маюць непаўторную выяўленчую самабытнасць і адметныя тым, што яны моцна звязаны з каранёвай народнай традыцыяй. Яны вартыя экспанавацца ў лепшых музеях свету, а імя майстра можа быць унесена ў сусветную энцыклапедыю інсітнага (наіўнага) мастацтва.

Творы М.В. Тарасюка захоўваюцца і экспануюцца ў Нацыянальным музеі гісторыі і культуры Рэспублікі Беларусь, Брэсцкім абласным краязнаўчым музеі, музеі “Пружанскі Палацык”, ДзУК “Брэсцкі абласны грамадска-культурны цэнтр”.

У 2008г. упершыню на Беларусі пры паддтрымцы Фонда Прэзідэнта па падтрымцы культуры і мастацтва і Брэсцкага аблвыканкама быў выдадзены альбом-манаграфія пра народнага майстра “Сялянская энцыклапедыя ў творах Мікалая Тарасюка”.

Да 80-годдзя з дня нараджэння, па ініцыятыве ДзУК “Брэсцкі АГКЦ” была праведзена персанальная выстава твораў Мікалая Тарасюка “Страчаны рай” у музеі сучаснага мастацтва ў г.Мінску і персанальная выстава “Драўляны народ” у музеі “Пружанскі палацык”. У 2009 годзе па ініцыятыве ДзУК “Брэсцкі АГКЦ” была праведзена выстаўка “Драўляны люд” у Музеі Малой Бацькаўшчыны ў Студзіводах (г.Бельск-Падляшскі, РП). За апошнія гады пра творчасць і асобу вядомага творцы былі зняты фільмы “Гаспадар” (польскімі кінадакументалістамі) і “Драўляны народ” (студыяй “Беларусьфільм”).

У 2014 годзе аддзелам ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Пружанскага райвыканкама быў рэалізаваны праект “Вясковы рэнесанс” (аўтар і каардынатар праекта – загадчыца аддзела традыцыйнай культуры ДзУК “Брэсцкі АГКЦ” Быцко Л.М.). Праект фінансаваўся нямецкім прадстаўніцтвам народных універсітэтаў. Мэтамі праекта былі: апрацоўка твораў Мікалая Тарасюка ад шашаля, выраб і ўстаноўка паклоннага драўлянага крыжа з прозвішчамі жыхароў вёскі, распрацоўка і ўстаноўка гісторыка-этнаграфічнай карты вёскі Стойлы, правядзенне свята вёскі “Я родам са Стойлаў”.

14.01.2015 года Мікалая Тарасюка не стала, але ягоная філасофія і ягоная творчасць жыве ў яго работах.