“ПЛАКАТЫ ВЕЛЬМІ ПОЛЬСКІЯ”

23 лістапада 2016 года а 16:30 у Выставачнай зале Абласнога грамадска-культурнага цэнтра (вул. Савецкая, 54), адбудзецца адкрыццё выставы плакату Рышарда Каі “ПЛАКАТЫ ВЕЛЬМІ ПОЛЬСКІЯ”.

Праэкт арганізаваны Польскім Інстытутам у Мінску, Абласным грамадска-культурным цэнтрам  і Генеральным консульствам Рэспублікі Польшча ў Брэсце

Куратар – Аляксей Мацюшонак.

 

“Я люблю кіч, я падпітваюся ім, чэрпаю з яго смецце поўнымі жменямі. Так, абсалютна сур’ёзна, бо я бачу ў кічы пэўную праўду, якую не заўважаюць новыя дызайнеры, якія, відаць, заблыталіся ў пошуках форм”.

Рышард Кая.

Назіраючы за польскім плакатам больш за паўстагоддзя, тэндэнцыямі і зменамі, што ў ім адбываюцца, я бачу ў творчасці Рышарда свежасць, адкрыццё і інтрыгу. Сам мастак прапануе назваць тое, што ён робіць “мастацкі аксюмаран” - падобна да літаратурнай стылістычнай фігуры, якую вельмі часта ўжывалі творцы эпохі барока. Адкрываецца вялікі талент мастака, заснаваны на шматгадовым вопыце, што фарміраваўся з самага дзяцінства ў бацькоўскім доме, у тэатральных і оперных майстэрнях, уласнай майстэрні і падарожжах вакол свету.

Плакат, які стаў галоўным у дзейнасці мастака толькі ў апошнія гады, выбухнуў вельмі спантанна, маючы для гэта грунтоўны падмурак як майстэрскі, так і інтэлектуальны. Калі ён займаўся пераважна сцэнаграфіяй, то рысаваў плакаты выключна да сваіх спектакляў. Зараз яго падыход да плаката выразна змяніўся.

Увесь яго назапашаны вопыт і мастацкія дасягненні працуюць зараз на карысць плаката. Успаміны з бацькоўскага дому бачны ў плакатах праз прадметы і дробязі, што ў ім запомніліся. “Калі мода на мінімалізм, я наўмысна барочны”, - сцвярджае Кая. Далей ён падкрэслівае – “мае плакаты напоўнены дэталямі, як і мой дом, а мой дом напоўнены ўспамінамі, я калекцыянірую мінулае”. У штодзённай рэчаіснасці Мастак таксама жыве па-за часам сучаснасці, ён не мае і не ўмее ездзіць на машыне, аддае перавагу гузікам перад маланкамі, бо апошнія яму падаюцца занадта сучаснымі. “Я люблю нашу звычайнасць, сярмяжнасць, абсалютна не ганюся за захадам, я думаю, што я вельмі польскі, з поўным наборам нашых недахопаў, я люблю нашу квашаную капусту, хоць гэта і не амар. Мне падабаецца валяцца ў бессаромным муніцыпальным свеце, часта крыху грубіянскім, непрыстойным, плебейскім, але з іншага боку, я люблю свет мяшчанскі, філіжанкі, сурвэткі, мой свет – гэта нейкая мяшанка трывіяльнасці, і салонаў, і банальных рэчаў, і неўтаймаванай фантазіі сну. Я празаічны”.

“У серыі плакатаў “Польшча”, – кажа Рышард Кая, – я баўлюся з эстэтыкамі, гэтыя плакаты можна раскласці геаграфічна, а можна ў ключы эстэтыкі. Гэта забавы на тэму сэцэсіі, арт-дэко, канструктывізму, камунізму, 70-х гг. і г.д. Эстэтыка – гэта добрая забава, хоць, па праўдзе, і так усюды вее каізмам (“каізм” ад прозвішча Кая)”.

Для мяне мастацкі плакат – гэта не інфармацыйная афіша, і я цаню вялікую разнастайнасць, мастацкасць і незалежнасць плакатнай творчасці Рышарда Каі. Ён не паддаецца модзе і не згінае сваю эстэтыку да густу кліентаў. Ён сам сабе цэнзар.

Кракаў, май 2016                                                                                                        Кшыштаф Дыда

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *