“Акадэмія 100 плакатаў” са збораў Акадэміі мастацтваў у Катавіцах

8 чэрвеня ў выставачнай зале ДзУК “Брэсцкі абласны грамадска-культурны цэнтр” распачне сваю дзейнасць выстава “Акадэмія 100 плакатаў”. Урачыстае адкрыццё выставы адбудзецца ў 16.30.

Акадэмія Мастацтваў у Катавіцах выгадавалася на плакаце. Гісторыя навучальнай установы бярэ пачатак у сярэдзіне мінулага стагоддзя. Цягам доўгага часу вучэльня функцыянавала як Іншагародні факультэт прапагандысцкай графікі кракаўскай Акадэміі мастацтваў, і гэта значыць, што плакат з самага пачатку быў тым вызначальным кірункам, які старанна развівалі ў мурах установы.

Плакат – гэта мастацтва. Гэта насычаны дыялог творцы і адрасата. А яшчэ гэта мастацтва вуліцы, якое сёння аздабляе сцены галерэй па ўсім свеце. Выстава пад назвай “Акадэмія 100 плакатаў” – гэта рэтраспектывы, своеасаблівае сентыментальнае падарожжа, якое прадстаўляе творцаў, трэнды, з’явы, што фарміруюцца ўжо цягам некалькіх дзесяцігоддзяў. Мы пакажам плакаты майстроў, педагогаў і студэнтаў. Гэта працы, створаныя за апошнія 40 гадоў. Выстава ахоплівае як плакаты, зробленыя па замове, так і ўратаваныя ад забыцця працы, створаныя ў майстэрнях. Гэта так званая “Шафа прафесара Тадэвуша Грабоўскага”, ён цягам доўгага часу кіраваў майстэрняй праектавання плаката катавіцкай акадэміі яшчэ ў дакамп’ютарную пару. Прынагодна мы даведваемся, з якімі тэмамі сутыкаліся маладыя творцы амаль 40 гадоў таму. Асаблівай увагі заслугоўваюць тэмы “Жывёла” і “Партрэт педагога”, у якіх мы з радасцю пазнаем дасканала вядомыя абліччы нашых паважаных прафесараў.

Выпускнікі кракаўскай Акадэміі мастацтваў – гэта вядомыя і прызнаныя па ўсім свеце творцы. Нашы архівы захоўваюць шмат перлінаў, і адзінае, што абмяжоўвае нас, — гэта прастора, якой заўжды не хапае, каб прадставіць усе скарбы (а іх больш за дзвесце) на адной выставе. З вялікай радасцю мы прэзентавалі гэтыя працы падчас інаўгурацыі навучальнага года ў новым будынку нашай акадэміі і сустрэліся з хваляй сапраўднага зацікаўлення як з боку студэнтаў, так і з боку гасцей вучэльні. У гасцінным і любімым нашымі творцамі Мінску мы прадстаўляем толькі 60 прац. Сардэчна запрашаем паглядзець на кавалак нашай гісторыі, адлюстраваны на гэтых аркушах.

Выстава будзе доўжыцца па 24 чэрвеня бягучага 2018 года.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *