Абласное свята фальклорнага мастацтва “Таночак” 2019

6-7 верасня 2019 года адбыўся абласны фестываль фальклорнага мастацтва “Таночак” і абласны конкурс дзіцячых фальклорных калектываў. Трынаццаць лепшых калектываў, больш двухсот хлопчыкаў і дзяўчынак нашай вобласці, шчыра і адкрыта прадэманстравалі шаноўнаму журы і публіцы танцы, спевы, вусную народную творчасць і дэкаратыўна-прыкладное мастацтва, якому навучыліся ад носьбітаў фальклору, ад сваіх бабуль і дзядуль. Дзіцячыя калектывы танцавалі ажно больш за дваццаць аўтэнтычных танцаў.

Асноўнымі крытэрыямі ацэнкі пры выбары пераможцаў конкурсу сталі: — узровень выканаўчага майстэрства;

  • адпаведнасць рэпертуару традыцыям і звычаям той мясцовасці, якую  прадстаўляе калектыў ці асобны выканаўца;
  • захаванне мясцовых асаблівасцей у выкананні;
  • адпаведнасць касцюма традыцыям мясцовасці, якую прадстаўляюць выканаўцы;
  • адпаведнасць фальклорных твораў узросту выканаўцаў.

Лепшыя калектывы і асобныя выканаўцы з Брэсцкай вобласці былі адзначаны дыпломамі пераможцаў і прызамі.

На гала-канцэрце фестывалю, што адбыўся 7 верасня ў самым цэнтры Брэста на пляцоўцы каля помніка-1000 годдзя, выступілі дзіцячыя калектывы-пераможцы агляду-конкурсу, а таксама фальклорны гурт “Беларусы Прыбайкалля” (г. Іркуцк, РФ), заслужаны аматарскі калектыў Рэспублікі Беларусь узорны клуб аматараў фальклору “Вясковая табала” Хаціслаўскага СДК Маларыцкага раёна. Хэдлайнерам фестывалю стаў папулярны фолькгурт “Вурай” (г. Мінск).

Сапраўднай рызынкай свята стаў паказ аўтэнтычных і адноўленых строяў “Модны стыль – народны тэкстыль”, з цыклу этнаканцэртаў “Рух зямлі”, пад час якога госці свята і ўдзельнікі мелі ўнікальную магчымасць на адным падворку пабачыць каля двухсот народных строяў. Нельга было адарваць позірк ад неверагодных знакамітых дывінскіх і радастаўскіх свах, бездзежскіх “паў”, мотальскіх кажушкоў, маларыцкіх “бурак” і многіх іншых непаўторных элементаў самабытных касцюмаў.

На працягу свята дзейнічала выстава-продаж вырабаў майстроў народнай творчасці Брэсцкай вобласці. Жыхары і госці 1000-гадовага Берасця дакрануліся да такіх старажытных рамёстваў як ганчарства, ткацтва, пляценне паясоў і лапцей, мелі магчымасць набыць сувеніры вырабленыя лепшымі майстрамі народнай творчасці.