XVII абласны пленэр разьбяроў паркавай скульптуры.

XVII абласны пленэр разьбяроў паркавай скульптуры.

аг. Дзівін Кобрынскі р-н                              5-11 ліпеня 2020г.

 

З 5-га па 11-е ліпеня ў Кобрынскім раёне на возеры Любань, што каля аграгарадка Дзівін, адбыўся XVII абласны пленэр разьбяроў паркавай скульптуры. Лепшыя берасцейскія разьбяры і разьбяры з Мінска ды Гомеля стварылі разам сюжэт сапраўднага дзівінскага вяселля. Сюжэт такі: дзяўчына з Дзівіна (выканаў скульптуру разьбяр з г.Баранавічы Сяргей Козел) закахалася і  выйшла замуж за хлопца з Лелікава (аўтар скульптуры – разьбяр з г.Драгічына Валерый Манцэвіч). Галоўнай гераіняй кампазіцыі стала Лелікаўская сваха ў незвычайным галаўным уборы, традыцыі і выкарыстанне якога ў 2018 годзе ўвайшлі ў спіс нематэрыяльнай гісторыка-культурнай каштоўнасці РБ (вобраз свахі стварыў Народны майстар Беларусі Анатоль Туркоў з г.Камянец). Сустракаюць маладых з хлебам-соллю маці (скульптуру выканаў разьбяр з міншчыны Аляксандр Жураўлевіч) ды бацька (аўтар – гомельскі разьбяр Народны майстар Беларусі Васіль Сілкоў). А якое вяселле абыдзецца без свата (вобраз стварыў разьбяр з Брэсцкага раёна Аляксандр Лазерка). І, безумоўна, кампазіцыю завяршаюць музыкі! Гарманіста выканаў разьбяр з Івянца Мінскай вобласці Мікола Задрэйка, бубнача – мінчук Кірыл Крохалеў!

Скульптурная кампазіцыя стала цікавым арт-аб’ектам аграгарадка Дзівін, які гасцінна рыхтуецца да абласнога свята-кірмаша “Дажынкі-2020”. Пленэр арганізаваны ўпраўленнем культуры Брэсцкага авлвыканкама, ДзУК “Брэсцкі абласны грамадска-культурны цэнтр” і аддзелам культуры Кобрынскага райвыканкама.