АБЛАСНЫ ФЕСТЫВАЛЬ ФАЛЬКЛОРНАГА МАСТАЦТВА “ТАНОЧАК”

15 мая 2021 года на этнаграфічным падворку “Каля плэса” музея народнай творчасці “Бездзежскі фартушок”, аг.Бездзеж Драгічынскага раёна адбыўся V абласны фестываль фальклорнага мастацтва “Таночак”, арганізатарамі якога выступілі ўпраўленне культуры Брэсцкага аблвыканкама, ДзУК “Брэсцкі абласны грамадска-культурны цэнтр” і Драгічынскі райвыканкам.

Менавіта тут, сустрэліся сапраўдныя аматары традыцыйнага мастацтва з розных куточкаў Берасцейшчыны.

Адразу, на ўваходзе ў падворак, удзельнікаў і гасцей свята “сустракалі” каляровыя плакаты з фотаздымкамі і інфармацыяй аб нематэрыяльнай гісторыка-культурнай спадчыне Берасцейшчыны. Далей размясціўся “Горад майстроў”, на якім былі прадстаўлены як кулінарныя стравы традыцыйнай беларускай кухні, так і самаробныя сувенірныя вырабы на любы густ.

Пачыналася фестывальная праграма з конкурсу дзіцячых фальклорных гуртоў. 12 калектываў прадставілі сваё майстэрства ў танцах і спевах, вуснай народнай творчасці і інструментальнай музыцы.

Акрамя конкурсу, на фестываль прыехалі фальклорныя калектывы з Пінскага, Маларыцкага, Столінскага і Драгічынскага раёнаў, галоўным госцем свята стаў узорны фальклорны ансамбль “Верабейкі” Любанскага раённага Цэнтра культуры Мінскай вобласці, пад кіраўніцтвам знакамітага этнахарэографа Сяргея Выскваркі.

На гала канцэрце выступілі самыя лепшыя калектывы і салісты Брэсцкай вобласці.

Рызынкай сёлеташняга фестывалю сталі карагодныя дзеі “Таночкі на маёвым лужочку” з цыклу этнаканцэртаў “Рух зямлі”. Закруціліся ў карагодах не толькі людзі, але і буслы, што луналі і кружылі над “плэсам” “Бездзежскага фартушка”, жадаючы фестывалю доўгае жыццё!

АБЛАСНЫ ФЕСТЫВАЛЬ ФАЛЬКЛОРНАГА МАСТАЦТВА “ТАНОЧАК”

АБЛАСНЫ ФЕСТЫВАЛЬ ФАЛЬКЛОРНАГА МАСТАЦТВА “ТАНОЧАК”

Этнаграфічнае падвор’е “Каля плэса”, музея народнай творчасці “Бездзежскі фартушок” Драгічынскага раёна ў чарговы раз стане цэнтрам традыцыйнай культуры Берасцейшчыны.Тут адбудзецца абласны фестываль фальклорнага мастацтва “Таночак”. 15 мая з розных куткоў нашай вобласці на фестываль прыедзе больш за 200 удзельнікаў дзіцячых аматарскіх калектываў, якія з маленства далучаюцца да традыцый сваіх продкаў. Пад час фестывалю адбудзецца конкурс дзіцячых калектываў, удзельнікі якога прадэманструюць сваё майстэрста ў танцах, спевах, вуснай народнай і дэкаратыўна-прыкладной творчасці. Рызынкай свята ў гэты раз стане прэзентацыя ўнікальных карагодных традыцый вобласці. Госці і ўдзельнікі свята пазнаёмяцца не толькі з Велікодным карагодам “Стрылка” і Пінкавіцкімі танкамі, якія знаходзяцца ў Дзяржаўным спісе элементаў нематэрыяльнай культурнай спадчыны, але і многімі іншымі. У праграме фестывалю запланаваны выступленні гасцявых калектываў Брэсцкай і Мінскай абласцей. Госці і ўдзельнікі фестывалю змогуць  набыць сувеніры  майстроў народнай творчасці пад час выставы-кірмашу.

Арганізатарамі фестывалю выступаюць упраўленне культуры Брэсцкага аблвыканкама, ДзУК “Брэсцкі абласны грамадска-культурны цэнтр”, Драгічынскі райвыканкам.

“Жывыя вытокі” 2021.

 

Багатая літаратурная спадчына нашай рэспублікі ўзнікла менавіта дзякуючы павазе і захаванню старажытнай і вельмі прыгожай беларускай мовы. Так 21 лютага,  пад час святкавання Міжнароднага дня роднай мовы, у Брэсцкім абласным грамадска-культурным цэнтры адбылося абласное свята роднай мовы “Жывыя вытокі”.

Адкрыла ўрачыстае мерапрыемства кніжная выстава беларускіх аўтараў з фондаў Брэсцкай абласной бібліятэкі імя М. Горкага. На ёй прыхільнікі роднай мовы пазнаёміліся з беларускімі пісьменнікамі, паэтамі і дзеячамі культуры, юбілейныя гадавіны якіх святкуюцца ў гэтым годзе, а таксама дазналіся малавядомыя звесткі з жыцця вядомых беларускіх аўтараў і пісьменнікаў Брэстчыны.

На арт-гадзіне з удзелам фіналістаў абласнога конкурсу чытальнікаў “Дорогой мира и добра” прадстаўнікі Брэсцкага (Вольга Нінічук, Аляксандра Коцелева, Анастасія Брашко), Кобрынскага (Настасся Бенедзясюк, Людміла Бруштын) раёнаў і г.Брэста (Кацярына Карнавухава і Паліна Філіпук) у непаўторнай эмацыйнай форме пазнаёмілі гасцей з творамі знакамітых беларускіх пісьменнікаў.

У канцэртнай зале цэнтра ўдзельнікі народнага драматычнага калектыву “AURA” Драгічынскага гарадскога Дома культуры (кіраўнік Юлія Марачук) прадставілі спектакль сучаснага драматурга Сяргея Кавалёва “Стомлены д’ябал”, які праз яскравыя матывы і вобразы беларускай літаратуры захапіў кожнага сваім непаўторным драматычным светам.

Працяг свята адбыўся у выстачнай зале цэнтра на вуліцы Савецкай, дзе прайшло адкрыццё абласной выставы-прэзентацыі элементаў нематэрыяльнай культурнай спадчыны Брэсцкай вобласці “Жывая спадчына Берасцейшчыны”. Выстава дзейнічала на працягу тыдня з 21 па 28 лютага. У жыхароў і гасцей Брэста была магчымасць бліжэй пазнаёміцца з творчасцю народных майстроў Рэспублікі Беларусь, традыцыямі ганчарнай вытворчасці і тэхналогіямі ткацтва падвойных дываноў, з абрадам ваджэння Кусты, традыцыямі веснавых карагодаў і тройчага памінання продкаў, а таксама даведацца аб тэхналогіях вырабу шчэпавай птушкі-абярэга, традыцыях выпякання грэчанага хлеба і аб многім іншым.

Спадзяемся, што кажны прысутны змог атрымаць асалоду ад свята і з нецярпеннем будзе чакаць яго ў наступным годзе.

“ЖЫВАЯ СПАДЧЫНА БЕРАСЦЕЙШЧЫНЫ”

21 лютага ў выставачнай зале ДзУК “Брэсці абласны-грамадска культурны цэнтр” адбыўся вернісаж выставы “ЖЫВАЯ СПАДЧЫНА БЕРАСЦЕЙШЧЫНЫ” ў межах правядзення абласнога свята роднай мовы “ЖЫВЫЯ ВЫТОКІ” і абласнога этнаканцэрта “РУХ ЗЯМЛІ”. Гэта быў не звычайны вернісаж, а вернісаж - прэзентыцыя, на якім работнікі культуры вобласці прадставілі эелементы нематэрыяльнай культурнай спадчыны свайго рэгіёна. Форму падачы выступоўцы абіралі розную – апавяданне, дэманстрацыя слайдаў, відэа, спевы ды танцы! Нават, можна было пабачыць на свае вочы як за пяць хвілін сабраць драўляную бочку!

Як на далоні, ва ўсёй красе паўстала Брэсцкае Палессе – скрыжаванне старажытных культур – славянскай і балтскай, складанае спалучэнне міфалогіі і хрысціянства. І прэзентацыя і сама выстава прадэманстравала неверагодную прыгажосць, сакральнасць і таямнічасць Брэсцкага Палесся!

Вечерний Брест

Виртуальный Брест

“Жывыя вытокі”2021

“Жывыя вытокі”

Кожны год  з вялікім нецярпеннем і зацікаўленасцю чакаюць прыхільнікі беларускай мовы  абласное свята роднай мовы “Жывыя вытокі”, якое вабіць сваім адметным каларытам, пазнавальна-адукацыйнай накіраванасцю і сваёй непаўторнасцю.

Свята садзейнічае павышэнню зацікаўленасці жыхароў Брэстчыны да роднай мовы, нацыянальнай літаратурнай творчасці, далучэнню дзяцей і моладзі да беларускай музыкі і паэзіі, тэатральнага мастацтва, папулярызацыі лепшых твораў беларускага эстраднага песеннага мастацтва, драматургіі.

Абласное свята роднай мовы “Жывыя вытокі” адбудзецца 21 лютага 2021 года ў Брэсцкім абласным грамадска-культурным цэнтры. Арганізатарамі свята з’яўляюцца ўпраўленне культуры Брэсцкага аблвыканкама, ДзУК “Брэсцкі абласны грамадска-культурны цэнтр”.

У праграме  запланаваны наступныя мерапрыемствы:

12.00-12.50 Урачыстае адкрыццё свята. 

                    Кніжная выстава беларускіх аўтараў-юбіляраў з фондаў Брэсцкай абласной бібліятэкі імя М.Горкага.

                      Арт-гадзіна з удзелам фіналістаў абласнога конкурсу чытальнікаў “Дорогой мира и добра”, дзе ўдзельнікі прачытаюць знакамітыя вершы беларускіх пісьменнікаў. 

13.00-14.30 Спектакль “Стомлены д’ябал” (аўтар А.Кавалёў) народнага драматычнага калектыву “AURA” Драгічынскага гарадскога Дома культуры.

“Берасцейскія забаўлянкі” 2019

6-7 верасня, падчас святкавання 1000-годдзя Брэста, на  пляцоўках горада прайшлі мерапрыемствы абласнога агляду-конкурсу  вядучых гульнявых праграм “Берасцейскія забаўлянкі”. Арганізатарамі конкурсу з’яўляліся ўпраўленне культуры Брэсцкага абласнога выканаўчага камітэта, ДзУК  “Брэсцкі абласны грамадска-культурны цэнтр”, Брэсцкі гарадскі выканаўчы камітэт.

На  заключным этапе абласнога конкурсу было прадстаўлена 16 сюжэтных гульнявых праграм з розных куточкаў Брэстчыны. Выступленні ўдзельнікаў былі цікавымі, хвалюючымі, яркімі і запамінальнымі. Жыхары і госці юбілейнага Брэста з задавальненнем прымалі ўдзел і пазнавалі дзівосны свет народных, самабытных  гульнявых традыцый.

Журы вызначыла пераможцаў. У намінацыі “За лепшую праграму клуба гульні і забавы” лепшымі сталі:

— узорны фальклорны калектыў “Дараносіца”, кір.Таццяна Грыцук, Хмелеўскі СДК Жабінкаўскага раёна – Дыплом І ступені;

—  аматарскае аб’яднанне “Забавушка”, кір. Галіна Абрамчук, Язвінскі СДК Лунінецкага раёна  — Дыплом ІІ ступені;

— дзіцячая студыя гульні “Анімашка”, аўтаклуб, Камянецкі раён — Дыплом ІІІ ступені.

 

У намінацыі “За зберажэнне мясцовых гульнявых традыцый і выкарыстанне традыцыйных гульнявых прылад” узнагароджаны:

— Надзея Брашчук і Ульяна Апановіч, Брэсцкі РМЦ — Дыпломам І ступені;

— Яўгенія Шахаўцова і Кацярына Круцько, Моўчадскі СДК Баранавіцкага раёна — Дыпломам ІІ ступені;

—  Вікторыя Наліўка і Андрэй Куцко, Целяханскі ГпДК Івацэвіцкага раёна — Дыпломам ІІІ ступені.

 

У намінацыі “За лепшую тэатралізацыю праграмы” перамогу атрымалі:

—   Віктар Тарасюк і Алега Марданя, Пружанскі ГДК — Дыплом І ступені;

— Алена Пячко і Аліна Коўш, Гарадзішчанскі ГпДК Баранавіцкі раён — Дыплом ІІ ступені;

— Ганна Гардзюк, Кацярына Чурыла і Андрэй Шырай, Драгічынскі ГДК — Дыплом ІІІ ступені.

Абласное свята фальклорнага мастацтва “Таночак” 2019

6-7 верасня 2019 года адбыўся абласны фестываль фальклорнага мастацтва “Таночак” і абласны конкурс дзіцячых фальклорных калектываў. Трынаццаць лепшых калектываў, больш двухсот хлопчыкаў і дзяўчынак нашай вобласці, шчыра і адкрыта прадэманстравалі шаноўнаму журы і публіцы танцы, спевы, вусную народную творчасць і дэкаратыўна-прыкладное мастацтва, якому навучыліся ад носьбітаў фальклору, ад сваіх бабуль і дзядуль. Дзіцячыя калектывы танцавалі ажно больш за дваццаць аўтэнтычных танцаў.

Асноўнымі крытэрыямі ацэнкі пры выбары пераможцаў конкурсу сталі: — узровень выканаўчага майстэрства;

  • адпаведнасць рэпертуару традыцыям і звычаям той мясцовасці, якую  прадстаўляе калектыў ці асобны выканаўца;
  • захаванне мясцовых асаблівасцей у выкананні;
  • адпаведнасць касцюма традыцыям мясцовасці, якую прадстаўляюць выканаўцы;
  • адпаведнасць фальклорных твораў узросту выканаўцаў.

Лепшыя калектывы і асобныя выканаўцы з Брэсцкай вобласці былі адзначаны дыпломамі пераможцаў і прызамі.

На гала-канцэрце фестывалю, што адбыўся 7 верасня ў самым цэнтры Брэста на пляцоўцы каля помніка-1000 годдзя, выступілі дзіцячыя калектывы-пераможцы агляду-конкурсу, а таксама фальклорны гурт “Беларусы Прыбайкалля” (г. Іркуцк, РФ), заслужаны аматарскі калектыў Рэспублікі Беларусь узорны клуб аматараў фальклору “Вясковая табала” Хаціслаўскага СДК Маларыцкага раёна. Хэдлайнерам фестывалю стаў папулярны фолькгурт “Вурай” (г. Мінск).

Сапраўднай рызынкай свята стаў паказ аўтэнтычных і адноўленых строяў “Модны стыль – народны тэкстыль”, з цыклу этнаканцэртаў “Рух зямлі”, пад час якога госці свята і ўдзельнікі мелі ўнікальную магчымасць на адным падворку пабачыць каля двухсот народных строяў. Нельга было адарваць позірк ад неверагодных знакамітых дывінскіх і радастаўскіх свах, бездзежскіх “паў”, мотальскіх кажушкоў, маларыцкіх “бурак” і многіх іншых непаўторных элементаў самабытных касцюмаў.

На працягу свята дзейнічала выстава-продаж вырабаў майстроў народнай творчасці Брэсцкай вобласці. Жыхары і госці 1000-гадовага Берасця дакрануліся да такіх старажытных рамёстваў як ганчарства, ткацтва, пляценне паясоў і лапцей, мелі магчымасць набыць сувеніры вырабленыя лепшымі майстрамі народнай творчасці.

 

Аб правядзенні абласнога свята роднай мовы “Жывыя вытокі”.

21 лютага 2019 года ў ДзУК “Брэсцкі абласны грамадска-культурны цэнтр”  у чарговы раз сабрала шмат удзельнікаў і гасцей абласное свята роднай мовы “Жывыя вытокі”.  Арганізатарамі свята выступілі ўпраўленне культуры Брэсцкага аблвыканкама, ДзУК “Брэсцкі абласны грамадска-культурны цэнтр”.

У рамках свята прайшоў  абласны тур Нацыянальнага конкурсу маладых выканаўцаў беларускай эстраднай песні Нацыянальнага фестывалю беларускай песні і паэзіі. У адрас аргкамітэта было даслана 27 заявак на ўдзел у абласным туры конкурсу.

Праслухаўшы і прааналізаваўшы конкурсныя выступленні ўдзельнікаў абласнога тура конкурсу журы вырашыла рэкамендаваць для ўдзелу ў III туры Нацыянальнага конкурсу маладых выканаўцаў беларускай эстраднай песні Нацыянальнага фестывалю песні і паэзіі наступных канкурсантаў:

  •  Кацярыну Бабрыковіч, студыю вакалу “PremiumVoice”, г. Брэст;
  • Святлану Новікаву,  Камянецкі РДК ДУК “Камянецкая раённая клубная сістэма”;
  • Рамана Даніловіча, Рэдзігераўскі СДК ГУК “Цэнтралізаваная клубная сістэма Лунінецкага раёна”.

Сапраўднай рызынкай абласнога свята стала прэзентацыя зборніка “Байкі баю – усіх забаўляю!” Зборнік баек, казак і калыханак Настассі Якавец, выдадзены ДзУК “Брэсцкі абласны грамадска-культурны цэнтр” да 70-годдзя гэтай знакамітай палескай баечніцы і пявунні. Настасся Якавец нарадзілася і жыве па цяперашні час у вёсцы Лобча Лунінецкага раёна. За сваё жыццё напісала больш за сотню баек, казак і калыханак, а таксама 35 год кіруе  народным фальклорным гуртом “Лабчанка”. Яе голас называюць “залатым” голасам Палесся, а ад баек, якія яна распавядае са сцэны, гледачы хапаюцца ад смеху за жываты. Героямі яе твораў выступаюць, у асноўным, яе землякі, але асноўноўнымі героямі з’яўляецца яна сама ды яе муж Іван. Байкі, казкі ды калыханкі Настассяй Якавец напісаны на сваёй “лобэцькой” мове і, такім чынам, яшчэ адна мікрамова стане ўвекавечана назаўжды!

Ярка і мілагучна “прагучаў”  святочны канцэрт “Красуй, Беларусь”, з удзелам Брэсцкага гарадскога аркестра духавой і эстраднай музыкі пад кіраўніцтвам дырыжора і мастацкага кіраўніка Валерыя Коваля. Усімі любімыя беларускія песні пра Бацькаўшчыну і родную мову былі тут жа падтрыманы гледачамі.

Завяршылася абласное свята роднай мовы “Жывыя вытокі” этнадыскатэкай “Час вяртання”. Першымі, дэматстравалі сваё майстэрства і навучалі ўсіх прысутных танцам нашых продкаў фальклорныя калектывы нашай вобласці: народны тэатр гумару, гульні і песні “Хмелеўскія валацугі” і ўзорны фальклорны калектыў “Дараносіца” (в.Хмелева, Жабінкаўскі раён). Прадоўжылі танцавальны вечар госці з Мінскай вобласці Любанскага раёна – музыкі і выдатны танцор, кіраўнік узорнага фальклорнага ансамбля “Верабейкі” – Сяргей Выскварка, пад кіраўніцтвам якого ўся пляцоўка закружылася ў віхуры народных танцаў.

Адметна, што на танцавальнай пляцоўцы былі слухачы ДУА “Брэсцкі абласны цэнтр павышэння кваліфікацыі кіруючых работнікаў і спецыялістаў устаноў культуры”, якія на працягу двух тыдняў навучаліся народным танцам. Прыгожыя, апранутыя ў традыцыйныя строі, прадстаўнікі з розных рэгіёнаў вобласці, заліхвацкі танчылі побытавыя танцы.

Падчас  этнадыскатэкі адбыўся конкурс на лепшую танцавальную пару, якіх было мноства з наведвальнікаў свята. На прыканцы імпрэзы былі вызначаны пераможцы.

Вось так любоў і павага да роднай мовы аб’яднала жыхароў абласнога горада, раёнаў вобласці, гасцей з Мінску. Дык няхай жа гучыць роднае слова моцна і ўпэўнена, залатымі ніткамі мудрасці прарастае ў песнях і казках, звычаях і традыцыях, яднае паэтаў, музыкаў,  танцораў, звязвае пакаленні.

“Жывыя вытокі” Абласное свята роднай мовы

Абласное свята роднай мовы

“Жывыя вытокі”

           Дзень роднай мовы асаблівы для кожнай нацыі, цяжка ўявіць народ без мовы, а мову без свайго носьбіта. І мы, беларусы, не выключэнне. Нам у спадчыну застаўся духоўны скарб нашых продкаў – жывая і мілагучная беларуская мова, песенная і паэтычная, старажытная і сучасная.

             Мудрыя людзі распавядаюць: “Дзе не загінула слова, там і справа яшчэ не загінула”. Таму нам, нашчадкам,  трэба шанаваць, берагчы роднае слова, каб мова наша жыла і квітнела, узмацняла  духоўны росквіт краіны!

           Паважаныя сябры! 21 лютага 2019 года ДзУК “Брэсцкі абласны грамадска-культурны цэнтр”  у чарговы раз запрашае ўсіх на абласное свята роднай мовы “Жывыя вытокі”. Арганізатарамі свята з’яўляюцца ўпраўленне культуры Брэсцкага аблвыканкама, ДзУК “Брэсцкі абласны грамадска-культурны цэнтр”.

У рамках свята адбудуцца наступныя мерапрыемствы:

  • Абласны тур Нацыянальнага конкурсу маладых выканаўцаў беларускай эстраднай песні Нацыянальнага фестывалю беларускай песні і паэзіі.

           Па выніках абласнога туру будуць адабраны тры лепшыя выканаўцы ад Брэсцкай вобласці для ўдзелу ў ІІІ этапе Нацыянальнага конкурсу маладых выканаўцаў беларускай эстраднай песні;

  • Прэзентацыя зборніка “Байкі баю – усіх забаўляю” Анастасіі Якавец, кіраўніка народнага фальклорнага калектыву “Лабчанка” Лабчанскага сельскага Дома культуры ДзУК “Цэнтралiзаваная клубная сістэма Лунінецкага раёна”;
  • Святочны канцэрт “Красуй, Беларусь”, з удзеламБрэсцкага гарадскога аркестра духавой і эстраднай музыкі, мастацкі кіраўнік Валерый Коваль;
  • Этнадыскатэка “Час вяртання”.

 

Уваход на мерапрыемствы свята свабодны.

«АВЕРС-РЭВЕРС-РЭВЕРАНС».

Упершыню ў Брэсце Беларускі саюз мастакоў прадставіў Рэспуліканскую выставу мастацкага тэкстылю «АВЕРС-РЭВЕРС-РЭВЕРАНС».

Галоўная ідэя заснавальнікаў і арганізатараў арт-праекта «АВЕРС-РЭВЕРС-РЭВЕРАНС» – звярнуць увагу на цудоўны скарб Заходняй Беларусі, адну з найбольш цікавых і непаўторных тэхнік традыцыйнага беларускага тэкстылю, якой з’ўяляецца падвойнае ткацтва, як на жыватворную крыніцу разнастайных тэм і матываў для стварэння сучасных тэкстыльных твораў.

Гэта выстава – унікальная магчымасць азнаеміцца з творчасцю вядучых прафесійных мастакоў дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва. У экспазіцыі, акрамя твораў знакамітых аўтараў, прадстаўлены артэфакты беларускіх майстроў падвойнага ткацтва з фондаў музееў Брэста і Мінска, а таксама творы маладых мастакоў.

Сучаснае прафесійнае дэкаратыўна-прыкладное мастацтва Беларусі сфармавалася на асноўных прынцыпах народных і класічных традыцый, створаных па законах прыгажосці і мэтазгоднасці. Веданне гэтых традыцый, майстэрства і ўменне тварыць ў сукупнасці з нестандартным мысленнем – усё гэта адкрывае перад сучаснымі мастакамі бязмежныя магчымасці знаходзіць наватарскія рашэнні і ствараць творы высокай эстэтычнай якасці. Дзвухбаковыя мастацкія тканіны з падвойнай структурай палатна моцна звязаны з міфалогіяй, фальклорам, рэлігіяй, абрадамі, звычаямі і побытам беларускага народа. Яны адметны выразным прыкладам адзінства незвычайнай кампазіцыйнай пабудовы, характэрнага арнаменту і сваеасаблівага каларыту. Арганізатары заклікаюць сучасных беларускіх мастакоў да творчага пераасэнсаваньня лепшых гістарычных узораў падвойнага ткацтва, а не іх фармальнага цытавання. Падвойнае ткацтва разглядаецца аўтарамі арт-праекта «АВЕРС-РЭВЕРС-РЭВЕРАНС», як неабходная адпраўная кропка, дзеля выкарыстання удзельнікамі выставы пры раскрыцці тэмы мастацкіх вобразаў у новых творах.

Куратары арт-праекта «АВЕРС-РЭВЕРС-РЭВЕРАНС»: Вольга Рэднікіна, Ала Непачаловіч і Павел Рабаў.

“Аверс-рэверс-рэверанс”

ДзУК “Брэсцкі абласны грамадска-культурны цэнтр” запрашае ўсіх жадаючых наведаць з 3 па 14 кастрычніка 2018 г. рэспубліканскую выставу мастацкага тэкстылю, прысвечанай тэхніке падвойнага ткацтва “АВЕРС-РЭВЕРС-РЭВЕРАНС” адкрыццё якой адбудзецца 3 кастрычніка а 16-ай гадзіне ў выставачнай зале ДзУК “Брэсцкі АГКЦ”
(г. Брэст, вул. Савецкая, 54).

“Горад майстроў”-“Дажынкі-2018”

“Горад майстроў” г. Высокае, Камянецкі раён
абласны фестываль-кірмаш “Дажынкі-2018”

Сонечным, не па-восеньску цёплым надвор’ем, сустрэў 8-га верасня
г. Высокае, што ў Камянецкім раёне, удзельнікаў абласнога фестываля-кірмашу працаўнікоў сяла “Дажынкі – 2018”. Кожны год супрацоўнікі ДзУК “Брэсцкі АГКЦ” ладзяць работу “Горада майстроў”, у якім у гэтым годзе, узялі ўдзел 90 майстроў народнай творчасці з 15 раёнаў Брэсцкай вобласці. Саламяныя цуды, ажурныя выцінанкі, драўляныя вырабы, рознакаляровыя маляванкі, тканы і вышываны тэкстыль, керамічныя сувеніры і шмат-шмат разнастайнай прадукцыі на любы густ і капшук, трымалі вакол сабе як патэнцыяльных пакупнікоў так і простых загавайлаў-мінакоў, разглядаючых усё гэтае багацце!
Усе, хто патрапіў на штогадовае свята, атрымалі добры настрой і, напэўна, наўрад пашкадавалі аб часе, які давялося выдаткаваць на дарогу ў маленькі, але вельмі гасцінны г. Высокае!

 

Абласное свята роднай мовы “Жывыя вытокі”. 2018

21 лютага 2018 года ў Брэсцкім абласным грамадска-культурным цэнтры адбылося абласное свята роднай мовы “Жывыя вытокі”.

У рамках свята прайшоў  абласны тур Нацыянальнага конкурсу маладых выканаўцаў беларускай эстраднай песні Нацыянальнага фестывалю беларускай песні і паэзіі.

Абластное журы адабрала трох лепшых выканаўцаў ад Брэсцкай вобласці для ўдзелу ў трэцім этапе Нацыянальнага конкурсу: Наталлю Пашкевіч (ДУК “Столінскі гарадскі Дом культуры”), Святлану Полазаву і Дар’ю Рудко (УССА “Баранавіцкі дзяржаўны музычны каледж”).

З вялікім захапленнем і цікавасцю ўспрымалі кожнае слова вядучай, Кацярыны Ігнацюк, наведвальнікі прэзентацыі фотакаталога “Рэгіянальныя асаблівасці традыцыйнага касцюма Брэстчыны” і выставы адноўленых і стылізаваных строяў.

У канцэртнай зале адбыўся этнаграфічны канцэрт-паказ касцюма “Модны стыль – народны тэкстыль”, дзе аматарамі традыцыйнай культуры былі прадстаўлены ўнікальныя калекцыі самабытнага адзення беларусаў амаль ад кожнага раёна.

Свята атрымалася па-сямейнаму шчырае і жаданае.

“Жывыя вытокі”. 2018

Абласное свята роднай мовы “Жывыя вытокі”.

З мэтай прыцягнення найбольшай увагі грамадства да роднай мовы, нацыянальнай літаратурнай творчасці, далучэння дзяцей і моладзі да беларускай музыкі, паэзіі і фальклору, павышэння цікавасці да лепшых традыцый нацыянальнага адзення, знаёмства з асаблівасцямі традыцыйнага касцюма Брэстчыны 21 лютага 2018 года ў Брэсцкім абласным грамадска-культурным цэнтры адбудзецца абласное свята роднай мовы “Жывыя вытокі”. Арганізатарамі свята з’яўляюцца галоўнае ўпраўленне ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Брэсцкага аблвыканкама, ДзУК “Брэсцкі абласны грамадска-культурны цэнтр”.

У праграме абласнога свята запланаваны шэраг мерапрыемстваў:

І. 11.30-13.30  –  Абласны тур Нацыянальнага конкурсу маладых выканаўцаў беларускай эстраднай песні Нацыянальнага фестывалю беларускай песні і паэзіі.

У конкурсе прымуць удзел 15 маладых выканаўцаў ва ўзросце 16-31 года, якія маюць вопыт канцэртных выступленняў і заявілі аб сабе поспехамі  ў  значных фестывалях і конкурсах.

Па выніках абласнога туру будуць адабраны тры лепшыя выканаўцы ад Брэсцкай вобласці для ўдзелу ў трэцім этапе Нацыянальнага конкурсу маладых выканаўцаў беларускай эстраднай песні Нацыянальнага фестывалю беларускай песні і паэзіі.

ІІ.    14.30-15.00  –     Прэзентацыя фотакаталога  “Рэгіянальныя асаблівасці традыцыйнага касцюма Брэстчыны”, выстава адноўленых и стылізаваных строяў, дзе раёны вобласці прадставяць свае калекцыі  адзення.

III.    15.00-16.30 – Этнаграфічны канцэрт-паказ касцюма “Модны стыль – народны тэкстыль”. Для гледача гэта ўнікальная магчымасць убачыць каля 200 народных касцюмаў: вядомую дывінскую сваху, бездзежскую “паву”, маларыцкую “бурку”, мотальскія кажушкі і шмат другіх непаўторных элементаў самабытнага адзення.

Уваход на мерапрыемствы свята свабодны.

Рух Зямлі 2017

22 лістапада ў Брэсцкім абласным грамадска-культурным цэнтры адбыўся чарговы канцэрт з цыкла “Рух зямлі”  “Попляшэм, пэвырнэмся, да і пісню поспываем нэ полэнымся!”  У канцэрце прынялі ўдзел фальклорныя гурты з Піншчыны:

Народны фальклорна-этнаграфічны калектыў “Чабатухі” Сташанскага СДФ,

Народны фальклорна-этнаграфічны калектыў “Дударыхі” Валішчанскага СДК,

Народны фальклорны калектыў “Грымата” Дабраслаўскага СДК,

Фальклорны калектыў “Церабяначкі” з вёскі Церабень.

На пачатку канцэрта ўдзельнікі фальклорна-этнаграфічнага калектыва “Дударыхі” з вёскі Валішча паказалі каравайныя абрады: замес і ўпрыгожванне каравая. Менавіта, у гэтай мясцовасці былі свае непаўторныя адметнасц і асаблівасці.

Галоўнай жа тэмай канцэрта арганізатары абралі звычайныя восеньскія вячоркі, што ладзіліся на вёсках пасля збору ўраджаю. Удзельнікі канцэрта праспявалі песні, што спявалі раней на вячорках, танчылі танцы. Калі музыкі з вёскі Дабраслаўка зайгралі кравяк на танец падхапіліся і гледачы. Рызынкай танцавальнай праграммы стаў танец “Хіната”, які прывезлі носьбіты фальклора з вёскі Валішча.

Напрыканцы этнаканцэрта, гледачы маглі пакаштаваць традыцыйных прысмакаў, што артысты з Піншчыны прывезлі з сабой!

«Жывыя Вытокі 2017»

 

Жывыя вытокі Афиша  “Мова – духоўнае багацце народу”        

Родная мова – гэта самы галоўны здабытак нашага народу. І яшчэ раз у гэтым змаглі ўпэўніцца ўсе прысутн
ыя на абласным свяце роднай мовы “Жывыя вытокі”, якое адбылося 17 лютага ў Брэсцкім абласным грамадска-культурным цэнтры.

У рамках свята прайшоў абласны тур Нацыянальнага конкурсу маладых выканаўцаў беларускай эстраднай песні, на якім пятнаццать таленавітых удзельнікаў змагаліся за права прадставіць Брэсцкую вобласць на ХVІІ Нацыянальным фестывалі беларускай песні і паэзіі ў Маладзечна.

З мэтай прыцягнення ўвагі грамадства да роднай мовы, нацыянальнай літаратурнай творчасці, пад час правядзення “Жывых вытокаў” прайшло адкрыццё кніжнай выставы “Нам засталася спадчына” з фондаў Брэсцкай абласной бібліятэкі ім. М.Горкага, дзе былі прадстаўлены калекцыйныя выданні кніг беларускіх класікаў. Зацікавіла гасцей свята і абласная выстава дзіцячага малюнка “Цудоўная краіна”.

Адным з самых яркіх момантаў свята стала паэтычна-музычная вечарына “З любоўю ў сэрцы да роднага слова”.  Далучалі дзяцей і моладзь да беларускай музыкі і паэзіі на сцэне грамадска-культурнага цэнтра мастацкія калектывы і маладыя выканаўцы беларускай эстраднай песні Брэсцкай вобласці.

Завяршыла мерапрыемства этнадыскатэка “Час вяртання”, на якой у суправаджэнні ўзорнага ансамблю фальклорнага танца “Ліпачка” Ліпніцкага СДК і народнага ансамблю народнай музыкі “Папінскія музыкі” Папінскага СДК Драгічынскага раёна госці выконвалі самабытныя беларускія танцы.

Свята “Жывыя вытокі” праводзіцца штогод і з’яўляецца магчымасцю зразумець, што родная мова – гэта не толькі сродак зносін, выяўленне душы чалавека, але і жывая повязь пакаленняў, знак прысутнасці на зямлі.

 

“Радзіны” з цыклу “Рух зямлі”.

25 лістапада 2016 г. у ДзУК “Брэсцкі абласны грамадска-культурны цэнтр” адбыўся абласны этнаграфічны канцэрт “Радзіны” з цыклу “Рух зямлі”.

У горад Брэст завіталі аматарскія калектывы з Пружаншчыны і госці з Мінскай вобласці, каб пазнаёміць як калісці спраўлялі “Радзіны”, бо нараджэнне дзіцяці – гэта заўсёды свята.

Народны фальклорны калектыў “Бабіна лета” Аранчыцкага Дома фальклору, Пружанскага раёна прывёз з сабой на мерапрыемства, нават, колішнюю калыску для дзіцяці.

Усё было як сапраўды: бацькі чакалі кумоў пакуль прыедуць з царквы і шыхавалі стол, гасцей была поўная хата, песні і весялосць панавалі ўвесь час і, канешне, галоўная пярсона – бабка павітуха. Яе і адорвалі, і пер’ямі ўпрыгожвалі, і на баране вазілі.

Госці свята – народны сямейны гульнёва-абрадавы гурт “Радзіна” і узорны фальклорны гурт “Валошкі” Новінскага СДК, Бярэзінскага раёна Мінскай вобласці пазнаёмілі са сваёй традыцыяй святкавання “Радзін”. Гледачам брэстчыны пашчасціла ў адзін дзень забачыць две традыцыі адразу!