АБРАД “ВАДЖЭННЕ КУСТА”

АГРАГАРАДОК ЛОБЧА, ЛУНІНЕЦКІ РАЁН, БРЭСЦКАЯ ВОБЛАСЦЬ

“Ваджэнне куста” – гэта яркая рэгіянальная адметнасць траецкага свята на Брэстчыне. Дзяўчыну ці маладую жанчыну ўпрыгожвалі зялёнымі галінкамі і вадзілі па вёсцы абыходзячы ўсе двары, спявалі абрадавыя песні ў якіх славілі гаспадароў, іх дзяцей, жадалі ім здароўя і дабрабыту. “Куста” лічылася сімвалам ураджаю. З цягам часу абрад пад уплывам сацыяльна-эканамічных фактараў трансфарміраваўся і набыў шлюбную накіраванасць і стаў надзеяй і пажаданнем добрага шлюбу.

Абрад пачынаецца да абеду, калі яго ўдзельніцы (жанчыны і дзяўчаты) збіраюцца ў хаце ў адной з жанчын. З клёну робяць вянок і адзенне для Кусты. Гурт з Кустай абыходзіць вёску з святочнымі песнямі, просячы гаспадароў двароў адарыць Кусту. Гаспадары дараць хлеб, пірагі, мёд, мяса, сала, яйкі, напоі, даюць грошы, некаторыя накрываюць стол і частуюць усіх удзельніц абраду. Пасля таго, як абыход завершыцца, гурт накіроўваецца туды, дзе ўсе збіраліся перад абрадам і пакінулі прыгатаваныя дома стравы. Усе ўдзельніцы абраду імкнуцца сарваць па некалькі лісткоў з “Кусты”. Завяршаюцца абрадавыя дзеі агульным святочным застоллем.

Абрад яднае пакаленні: карэнныя жыхары звязваюць гэты абрад з памяццю продкаў – ад іх ён перададзены наступным пакаленням. Штогадовае бясперапыннае ўзнаўленне на Тройцу гэтай традыцыі фарміруе ў жыхароў аграгарадка ўсведамленне, што яны з’яўляюцца адной супольнасцю, якая мае адметную традыцыйную культуру.