Алешка Любоў Мікалаеўна

 

АЛЕШКА Любоў Мікалаеўна

1958 г.н.

Малоткавічы Пінскага раёна Брэсцкай вобласці

АЛЕШКА Любоў Мікалаеўна – кіраўнік гуртка “Ткацтва” Малоткавіцкага цэнтральнага сельскага Дома культуры дзяржаўнай установы культуры “Пінская раённая цэнтралізаваная клубная сістэма”, асноўнай дзейнасцю якога з’яўляецца папулярызацыя народнай творчасці і зберажэнне традыцыйнай культуры рэгіёна.

Нарадзілася ў вёсцы Каморы Зарэчненскага раёна Роўненскай вобласці Украіны. Скончыўшы сярэднюю школу, паступіла ў Ровенскі педагагічны інстытут на фізіка-матэматычны факультэт. У 1989 годзе разам са сваёй сям’ёй пераехала ў вёску Малоткавічы Пінскага раёна, дзе пачалася яе творчая дзейнасць. Працавала загадчыкам Жабчыцкага сельскага клуба, потым пачала працу на пасадзе кіраўніка гуртка “Ткацтва” ў Малоткавіцкім ЦСДК, дзе працуе па цяперашні час.

Любоў Мікалаеўна па адукацыі настаўнік, але ўсё жыццё імкнулася да творчасці. Галоўным захапленнем стала ткацтва. Навыкамі майстэрства авалодала яшчэ ў дзяцінстве ад сваёй бабулі і маці. З натхненнем прадоўжыла раскрываць ў сабе талент ткачыхі ўжо працуючы ў Жабцыцкім сельскім клубе. І каларыт Палесскага краю паспрыяў гэтаму. Авалодала тэхнікай ткацтва і тэхналогіяй вырабу ўзораў Піншчыны ад носьбітаў рамяства свайго рэгіёну, самастойна вывучала, карыстаючыся літаратурай, старадаўнімі фатаграфіямі. Таксама перанімала ўзоры з рушнікоў, якія мясцовыя жыхары прыносілі ў музейную комнату сельскага клуба. Ткацтва настолькі захапіла, што яна ткала і дома і на рабоце. Навучылася ткаць сама, навучыла дачку, а потым і двух унучак. У ліку яе работ рушнікі, посцілкі, паясы, плеценне якіх яна таксама асвоіла самастойна.

За 20 гадоў дасягнула высокага ўзроўню майстэрства, якім дзеліцца з усімі жадаючымі праводзячы майстар-класы, перадае свае веды малодшаму пакаленню ў гуртке ткацтва. Акрамя гэтага, кіруе дзіцячым фальклорным танцавальным калектывам “Забава”, яго удзельнікі легка выконваюць народна-побытавыя танцы “Кракавяк”, “Лысы”, “На рэчаньку” і іншыя.

У творчай скарбонцы Любові Мікалаеўны шмат ганаровых грамат, дыпломаў за зберажэнне і развіццё традыцыйнай культуры. Яна з’яўляецца пастаянным удзельнікам раённых, абласных, рэспубліканскіх выстаў, конкурсаў, фестываляў.