ВАЛОШЧЫК Мікалай Антонавіч
ВАЛОШЧЫК Мікалай Антонавіч
1931 г.н.
Белаазёрск Бярозаўскага раёна Брэсцкай вобласці
Нарадзіўся 5 мая 1931 года на хутары бліз вёскі Ціхны Бярозаўскага раёна. Пасля заканчэння Брэсцкага настаўніцкага інстытута, а пазней Гродзенскага дзяржаўнага педагагічнага інстытута і вышэйшых педагагічных курсаў замежных моў выкладаў у школах Пружанскага раёна, Бярозы і Белаазёрска.
Шлях да майстра лозапляцення пачаўся яшчэ ў школьныя гады. Мікалай Валошчык успамінае: «Калі я яшчэ жыў у вёсцы і быў пастушком, мы плялі кошыкі. Пазней, калі я працаваў пазаштатным экскурсаводам у Белаазёрскім бюро падарожжаў і экскурсій, да мяне нейкім чынам трапіла кніга англійскага аўтара пра лозапляценне. Там былі паказаны некаторыя прыёмы і вырабы. Мне гэтая кніга вельмі спадабалася. Тады я і пачаў сам рабіць выдатныя рэчы. Вучыўся на сваіх памылках». Калі сталі добра атрымлівацца спачатку невялікія, а потым больш складаныя рэчы, у канцы 60-х гадоў ХХ стагоддзя, Мікалай Антонавіч арганізаваў у Белаазерскім Доме піянераў гурток лозапляцення (на той час адзіны на Брэстчыне), у якім больш 15-ці гадоў штодзённа цярпліва і старанна вучыў дзяцей бачыць і рабіць прыгожае.
Майстар вырабляе рэчы бытавых патрэб. У яго асартыменце больш за 50 відаў лазовых вырабаў: ад традыцыйных кошыкаў да арыгінальных рамак, амфар, плафонаў і нават падшклянкаў. Гэта практычныя, якасныя і прыгожыя рэчы. Усе яны маюць высокі мастаці ўзровень.
Яго лазовыя вырабы сярод экспанатаў Бярозаўскага гісторыка-краязнаўчага музея, Брэсцкага абласнога краязнаўчага музея, Музея старадаўніх рамёстваў, промыслаў і тэхналогій «Дудуткі», а таксама раз’ехаліся па ўсім свеце – ЗША, Канадзе, Швецыі, Германіі, Італіі, Турцыі, Македоніі, Польшчы, Расіі, Украіны.
У 2009 годзе Мікалаю Валошчыку прысвоена ганаровае званне «Народны майстар Беларусі», першаму ў Бярозаўскім раёне.
У сапраўдны час майстар на заслужаным адпачынку. Жыве ў Белаазёрску.