ВЯСЕЛЬНАЯ КАРАВАЙНАЯ ТРАДЫЦЫЯ

ВЯСЕЛЬНАЯ КАРАВАЙНАЯ ТРАДЫЦЫЯ

ВЁСКА МОТАЛЬ, ІВАНАЎСКІ РАЁН, БРЭСЦКАЯ ВОБЛАСЦЬ

Вясельны каравай – гэта сімвал дабрабыту і шчасця маладой сям’і. Па сённяшні час у вёсцы Моталь захоўваецца старадаўні звычай выпечкі, упрыгожвання і міжродавага падзелу абрадавага хлеба – каравайная традыцыя. Менавіта, з выпечкі каравая пачынаецца вяселле. Для гэтага спецыяльна запрашаюцца жанчыны-каравайніцы, абавязкова шчаслівыя ў шлюбе, бо лічыцца, што яны могуць сваёй энэргетыкай паўплываць на лёс маладых, перадаць ім сваю долю. Каравайная частка вясельнага абраду ўключае ў сябе шэраг адказных чынаў: расчыненне, замес, гібанне, сажанне ў печ, выйманне з печы, упрыгожванне, а таксама выкуп і падзел. Кожны этап суправаджаецца адмысловымі дзеяннямі, каб “запраграмаваць” добры шлюб. Спецыяльным упрыгожваннем для каравая з’яўляюцца “шышкі” – галінкі садовых дрэў, і “барылца” – жгуты цеста абвітыя вакол іх па спіралі. Каравай выпякаецца ўжо ўпрыгожанным, а потым шышкі аздабляюць папяровымі кветкамі і вечназялёнымі раслінамі. На працягу ўсяго вяселля каравай знаходзіцца ў халодным памяшканні – “каморы”, а на заканчэнне свята кожны госць адорваецца сваёй часткай, узамен на добрыя пажаданні і падарункі маладым. Да нашых дзён звяртаюцца жыхары вёскі Моталь да вясельных традыцый.