ВІННІК Ульяна Пятроўна
ВІННІК Ульяна Пятроўна
1945 г.н.
Боркі Ганцавіцкага раёна Брэсцкай вобласці
Нарадзілася Ульяна Пятроўна ў 1945 годзе ў вёсцы Хатынічы Ганцавіцкага раёна Брэсцкай вобласці. Больш за сорак гадоў працавала ва ўстановах культуры, была кінамеханікам у Хатынічах і Борках, спявала ў фальклорным калектыве. Ткацтвам і вышыўкай пачала займацца з дзяцінства і гэтае захапленне пранесла праз усё жыццё.
Ульяна Віннік сапраўдны носьбіт мясцовых ткацкіх традыцый, яна не толькі валодае традыцыйнымі тэхналогіямі ткацтва і беражліва іх захоўвае, але з вялікім задавальненнем дзеліцца творчым вопытам з усімі зацікаўленымі, далучае да рамяства падрастаючае пакаленне. Яна праводзіць майстар-класы, семінары для дзяцей і дарослых, як у сябе дома, так і на базе раённага Дома рамёстваў.
Тканыя і вышытыя ручнікі, вышытыя прасціны, тканыя посцілкі, паясы Ульяны Пятроўны – гэта цудоўныя рукатворныя мастацкія вырабы, якія сведчаць пра талент майстрыхі. Усе яе працы ўнікальныя і незвычайныя, напоўнены цяплом і прыгажосцю душы майстра. У рабоце ўражвае не толькі тэхніка выканання і бездакорны густ, але і шматвобразнасць узораў. У яе работах тоіцца глыбокі сакральны сэнс, што дайшоў да нас з даўніны. Кожны ўзор, вытканы ці вышыты працавітымі рукамі Ульяны Віннік, падборка каляровай гамы, мае сваё запаветнае значэнне, нясе пэўную энергетыку.
Ульяна Пятроўна валодае рознымі тэхналогіямі старадаўняга рамяства і
заслугоўвае асаблівай удзячнасці ў справе захавання і развіцця ткацкіх традыцый раёна. Шмат гадоў яна прысвяціла любімай справе. Яе вытканымі і вышытымі дзівоснымі ручнікамі захапляюцца не толькі ў Ганцавіцкім раёне, але і далёка за яго межамі.