Даніловіч Алена Сямёнаўна
1947 г.н., аг. Дзятлавічы Лунінецкага раёна Брэсцкай вобласці
Даніловіч Алена Сямёнаўна нарадзілася 21 лютага 1947 года ў вёсцы Дзятлавічы Лунінецкага раёна ў мнагадзетнай сям’і ў якой была старэйшай. Таму ёй прыйшлося быць першай памочніцай бацькам ва ўсіх справах: па хаце і па гаспадарцы, прыйшлося блізка пазнаёміцца з ткацтвам, так як гэта было неабходнасцю ў пасляваенныя гады. Спачатку неабходнасць, а потым прыйшло жаданне навучыцца ўсяму гэтаму дасканала.
У 1961 годзе скончыла 8 класаў Дзятлавіцкай школы, пасля чаго паехала ў Растоўскую вобласць на працу. Адтуль прывезла сабе жаніха і ў 1964 годзе пайшла замуж. Працавала выдатна, як і ткала, таму атрымала званне «Ганаровы калгаснік».
З таго часу мінула больш паўвека, а Алена Сямёноўна тчэ і да гэтай пары. Ніводная зіма не праходзіць «баз кросен у хаці», на якіх ткуцца ільняныя паўсядзённыя і святочныя ручнікі, «радзюжкі, ходнікі». Гэты працэс ужо як звычайная справа, як душэўная неабходнасць, без якой зіма не зіма. Умее ўсё – ад самага пачатку (асновы) да атрымання любой гатовай прадукцыі ў розных тэхніках, з самымі рознымі ўзорамі.
Акрамя ткацтва рукі гэтай жанчыны ствараюць сапраўдныя цуды: вязанне кручком і пруткамі, шыццё на швейнай машынцы, вышыўка крыжыкам і гладдзю, пляценне паясоў. Шмат звязана ёю незвычайных узораў кручком у выглядзе карункаў да тканых ручнікоў, да «пыдузорнікаў». Вышыўка ўпрыгожвае ўсе пакоі ў яе хаце: вышытыя навалачкі на падушках, ручнікі, дарожкі і салфеткі на канапах, сценах.
У яе дамашняй скарбонцы знаходзіцца больш за сотні работ.
Алена Сямёнаўна прымае актыўны ўдзел у выставачнай дзейнасці не толькі Дзятлавіцкага цэнтральнага сельскага Дома культуры і Лунінецкага раёна, але і ў абласных, рэспубліканскіх, міжнародных мерапрыемствах.