ЗДАНЕВІЧ Таццяна Мікалаеўна
ЗДАНЕВІЧ Таццяна Мікалаеўна
1972 г.н.
Бяроза Брэсцкай вобласці
Таццяна Мікалаеўна Зданевіч нарадзілася ў вёсцы Судзілавічы Бярозаўскага раёна. Яе любоў да народнай творчасці – з дзяцінства, і з’явілася яна дзякуючы бацькам. Тата, Мікалай Гавенчык, вучыў маляваць птушак, жывёл, сюжэтныя малюнкі на лістах у клетачку са школьных сшыткаў, упрыгожваць узорамі ўслончыкі. З успамінаў майстрыхі: «Памятаю, калі мы пасвілі кароў, ніколі час не гублялі: то кошыкі плялі з лазы, то збіралі сітнік і плялі пляцёнкі-паяскі, розныя ўпрыгожванні да адзення. Часта з бацькам пляла «пляцёнкі вітыя» для выгану бараноў, альбо каровы на пашу. Тонкія вяровачкі выкарыстоўвалі для падвешвання «набірушак» (шклянак) для збору чарніц».
Любоў да творчасці прывяла ў мастацкае вучылішча г. Бабруйска на спецыяльнасць мастака роспісу па дрэву, інкрустатара саломкай. Пазней – скончыла ўніверсітэт імя М. Танка з кваліфікацыяй настаўнік-мастак.
У сваёй творчасці майстар аддае перавагу пляценню паясоў.
У 1997 годзе, майстрам была адкрыта першая ў Бярозе студыя па ткацтву і пляценню паясоў «Купалінка» пры дзіцяча-юнацкім спартыўна-эстэтычным цэнтры. Яна дзейнічала да 2011 года. Зараз Таццяна Мікалаеўна працуе настаўнікам жывапісу і дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва ў школе мастацтваў г. Бяроза. На занятках, дзеці вывучаюць ткацтва паясоў і роспіс па дрэве, тканіне, шкле. У 2012 годзе была створана студыя дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва «Папараць», а ўжо ў 2018 годзе студыя атрымала найменне «ўзорны непрафесійны (аматарскі) калектыў мастацкай творчасці». Акрамя прафесійнай, ужо 29 год займаецца і добраахвотніцкай дзейнасцю, дапамагае дзецям-інвалідам, вучыць іх творчасці, займаецца індывідуальна з некаторымі, дапамагаючы быць неабмежаванымі ў сваіх магчымасцях.
У сваёй творчасці майстрыха гарманічна аб’яднала два зусім розныя напрамкі мастацтва – роспіс і паясы. Але, як кажа майстар: «Маё жыццё было заўсёды ў малюнках, а паясамі я ўсцілаю свой творчы шлях, які будзе ў маім жыцці пакуль я жыву».