КАПЛІЧ Алена Васільеўна
1944 г.н., в. Лутавень Лунінецкага раёна Брэсцкай вобласці
Капліч Алена Васільеўна нарадзілася ў вёсцы Сінкевічы ў мнагадзетнай сям’і, выхоўвалася з пяцю братамі і сёстрамі. Дапамагаючы бацькам па гаспадарцы, у вольны час навучалася ад маці Марыі Міхайлаўны і цёткі Аляксандры Міхайлаўны прасці, вязаць, ткаць і вышываць.
Пасля заканчэння сямі класаў працавала на пошце, а праз два гады перайшла на гароднінасушыльны завод. Працуя ў галіне гандлю атрымала сярэднюю адукацыю. За працоўныя поспехі атрымала наступныя ўзнагароды: медаль «За трудовую доблесть», адзнакі «Отличник торговли», «Победитель соревнований», «Заслуженный учитель молодежи». Адпрацаваўшы за ўсё жыццё 42 гады, у 1999 годзе пайшла на пенсію, пасля чаго стала больш сур’ёзна займацца спачатку ткацтвам, а потым вышыўкай і вязаннем пруткамі і кручком.
Творчыя работы Алены Васільеўны вышыты простым і балгарскім крыжыкам – ручнікі, сурвэткі, карціны, іконы, дарожкі, абрусы, пано, навалачкі на падушкі; тканыя пакрывала, ручнікі, наметкі; усіх колераў вясёлкі вязаныя кручком і пруткамі сурвэткі, кофты, карункі для ручнікоў, падузорнікаў. Яны ўпрыгожваюць усе пакоі ў хаце. Гатовыя работы здзіўляюць сваёй разнастайнасцю і прыгыжосцю.
Першая выстава яе работ адбылася ў 2009 годзе падчас адкрыцця Сінкевіцкага сельскага Дома культуры пасля капітальнага рамонту, на якім яе работы былі адзначаны Дыпломам старшыні Лунінецкага райвыканкама. За перыяд 2009 – 2021 гады Алена Васільеўна прымала актыўны ўдзел у выставачнай дзейнасці не толькі Сінкевіцкага сельскага Дома культуры і Лунінецкага раёна, але і ў абласных, рэспубліканскіх, міжнародных мерапрыемствах.
Алена Васільеўна даўно атрымала народнае прызнанне за сваё майстэрства. У яе скарбонцы шмат ганаровых грамат, дыпломаў, падзяк за зберажэнне і развіццё народнай творчасці.
Сваё майстэрства яна перадае падрастаючаму пакаленню, дзеліцца вопытам з майстрамі народнай творчасці, з вялікім задавальненнем праводзіць майстар-класы.