КАЦУБА Алена Іванаўна

КАЦУБА Алена Іванаўна
1960 г.н., аг. Дзятлавічы Лунінецкага раёна Брэсцкаай вобласці

Кацуба Алена Іванаўна нарадзілася ў вёсцы Дзятлавічы Лунінецкага раёна ў 1960 годзе ў мнагадзетнай сям’і, у якой было 13 дзяцей. З самага дзяцінства прыходзілася многа працаваць дапамагаючы бацькам. Але сярод клопатаў па гаспадарцы знаходзіўся час і для іншага занятку – ткацтва і вышыўкі. Гэтым майстэрствам займаліся амаль усе, таму што патрэбна было адзяваць сямью, збіраць дачкам пасаг для замужжа. Алена Іванаўна з дзяцінства бачыла, як маці і сёстры ткуць і вышываюць, і, паціху, навучалася ад іх.

Скончыўшы Дзятлавіцкую сярэднюю школу, Алена Іванаўна працавала ў некалькіх месцах: аўтапарк № 10, калгас імя Калініна, ААТ «Лунінецлес». Але пры любой загружанасці заўсёды знаходзіла час для любімай справы – ткацтва і вышыўкі. З гадамі прыйшло і майстэрства, і ўпэўненнасць у сваім выбары.

Вялікая заслуга яе, як майстра, у тым, што яна не стаіць на месцы ў сваёй творчасці. З вялікім задавальненнем і ахвотай асвойвае новыя віды дзейнаці: вышыўка бісерам і алмазная вышыўка, вышыўка каснікамі. Не забывае і матчыны тэхнікі вышывання крыжыкам, балгарскім крыжыкам, гладдзю. Гатовыя работы здзіўляюць сваёй прыгажосцю і разнастайнасцю. Сама вяжа кручком карункі для сваіх ручнікоў, падбірая новыя і пераймая старыя ўзоры. У яе дамашняй скарбонцы знаходзіцца больш за сотню работ.

Алена Іванаўна, прымае актыўны ўдзел у выставачнай дзейнасці не толькі Дзятлавіцкага цэнтральнага сельскага Дома культуры і Лунінецкага раёна, але і ў абласных, рэспубліканскіх, міжнародных мерапрыемствах, дзеліцца сваім вопытам з усімі жадаючымі пераняць майстэрства, зберагаючы народныя традыцыі, нашу спадчыну. Менавіта такімі простымі людзьмі і славіцца наша зямля.