КОВАЛЬ Ірына Міхайлаўна
1983 г.н., г. Жабінка Брэстскай вобласці
Коваль Ірына Міхайлаўна працуе педагогам дадатковай адукацыі дзяржаўнай установы адукацыі “Жабінкаўскі раённы цэнтр творчасці дзяцей і моладзі” і кіраўніком студыі “Чароўная саломка” дзяржаўнай установы культуры “Жабінкаўская цэнтралізаваная клубная сістэма”.
Нарадзілася ў г. Столін. Пераехала у г. Жабінка. Пасля школы працягвала навучанне ва ўстанове адукацыі “Салігорскі дзяржаўны педагагічны каледж” з 2001 па 2004 год. Зараз мае вышейшую адукацыю, вышэйшую кваліфіцыйную катэгорыю, з’яўляецца членам Беларускага саюза майстроў народнай творчасці.
Майстар ажыцяўляе мастацкую апрацоўку саломкі, працуе ў тэхніцы саломапляценне, аплікацыі саломкай, інкрустацыі саломкай. Сярод вырабаў: кветкавыя кампазіцыя, саламяныя скульптуры – птушкі, конікі, лялькі, павукі і інш., галаўныя ўборы – капялюшы, вянкі, абручы, саламяная біжутэрыя і ўпрыгожванне, калекцыі адзення, аздобленыя саломкай, пано, куфэркі, яйкі і іншыя сюжэтна-тэматычныя кампазіцыі на тэму рэгіянальных абрадаў, святаў беларусаў.
Майстар Ірына Коваль – пастаянны ўдзельнік раённых, абласных, рэспубліканскіх і міжнародных фестывалей, выставак і конкурсаў. Мае шматлікія і рознаўзроўневыя ўзнагароды. Прымала ўдзел у кірмашу Вялікодных традыцый г. Седліцэ, Польша, у Міжнародным фестывалі нацыянальных культур “Территория мира”, у абласным конкурсе сувеніраў “Берасцейскі падарунак”, у Рэспубліканскім фестывалі-кірмашы народных мастацкіх раместваў “Вяснавы букет”, у Рэспубліканскім свяце “Купалле” (“Александрыя збірае сяброў”) і іншых мерапрыемствах. Пастаяна праводзіць майстар-класы, практыка-арыянтаваныя семінары, удзельнічае ў кірмашы сацыяльна-педагагічных інавацый, у сацыяльных праектах у межах раёна, вобласці для папулярызацыі і развіцця цікавасці да саламянага мастацтва, сваёй дзейнасцю папулярызуя традыцыйнае мастацтва.