КРАЎЧЫНСКАЯ Марыя Іванаўна
КРАЎЧЫНСКАЯ Марыя Іванаўна
1951 г.н.
Падбела Камянецкага раёна Брэсцкай вобласці
Нарадзілася Марыя Іванаўна 28 студзеня 1951 года ў вёсцы Ляхаўцы Маларыцкага раёна Брэсцкай вобласці. Выйшла замуж і пераехала ў вёску Падбела Камянецкага раёна, дзе жыве і працуе па сённяшні час. З 1989 года займае пасаду дырэктара Падбельскага сельскага Дома культуры. Адна з першых у раёне пачала працаваць у напрамку адраджэння традыцыйнай культуры. Першы ў раёне і вобласці гурток падвойнага ткацтва быў адкрыты ў 2000 годзе ў сельскім Доме культуры вёскі Падбела, кіраўніком якога была Грыцук Надзея Анатольеўна з в. Пашукі. У гэтым гуртку Марыя Іванаўна хутка навучылася ткаць падвойныя (двухасноўныя) дываны і ўжо ў 2006 годзе яе работы, побач з дыванамі яе настаўніцы экспанаваліся на ІІ Нацыянальнай выставе народнага мастацтва «Жывыя крыніцы».
Сёння яна ўзначальвае Падбельскі сельскі клуб, кіруе дзіцячымі гурткамі па бісерапляценню і па ткацтву, у якіх дзеці і людзі сярэдняга ўзросту засвойваюць асновы беларускага ручнога ткацтва, у тым ліку і падвойнага. Майстар займаецца стварэннем сувенірнай прадукцыі, вырабляе падвойныя дываны, камплекты сурвэтак, ручнікі. Работы Марыі Іванаўны адрозніваюцца самабытнай тэхнікай вырабу, прапагандуюць мастацтва традыцыйнага ткацтва. У сваім рамястве жанчына абапіраецца на мясцовыя традыцыі, творча іх развівае, многія ўзоры стварае сама.