КУЛЕЦКАЯ Марыя Мікалаеўна

КУЛЕЦКАЯ Марыя Мікалаеўна
1950 г.н.
Пружаны Брэсцкай вобласці

Нарадзілася ў вёсцы Навасёлкі Пружанскага раёна Брэсцкай вобласці. Жыве ў горадзе Пружаны, працуе кіраўніком узорнай студыі роспісу па шкле «Шклінка-маляванка» дзяржаўнай установы культуры «Пружанскі гарадскі Палац культуры».

Марыя Мікалаеўна займаецца роспісам па шкле з 1970-х гадоў. І гэта захапленне стала яе спадарожнікам па жыцці. Яна аднавіла забыты і згублены ўнікальны беларускі промысел – малюнкі на шкле, які актыўна прапагандуе. Карціны на шкле – частка нашай культуры. У пошуках карцін яна абыйшла ўсе Пружаны, аб’ездзіла шмат вёсак. Шукала працы старых майстроў, каб аднавіць іх манеру, аднавіць тэхніку малявання. Кожную з карцін майстрыха спачатку дэталёва вывучала, а затым сама бралася за працу. «Маляванкі» яна не капіравала, толькі пераймала тэмы, асвойвала почырк народных мастакоў. Гэта ў Марыі Кулецкай атрымалася настолькі ўдала, што цяпер многія з яе работ разышліся па розных мясцінах, у тым ліку і па краінах далёкага замежжа, знаходзяцца ў калекцыях музеяў і ў прыватных зборах Беларусі, Украіны, Расіі, Літвы, Польшчы, Германіі, Швецыі, Фінляндыі, Італіі. Карціны народнага майстра можна ўбачыць у Нацыянальным музеі гісторыі і культуры.

Марыя Мікалаеўна праводзіць майстар-класы для дзяцей і дарослых Пружанскага і Кобрынскага раёна, Брэста і Мінска, гарадоў і вёсак Рэспублікі Польшча. Яна з’яўляецца частым госцем ва ўстановах культуры і адукацыі раёна, дзе яе майстар-класы далучылі дзяцей да творчасці, далі магчымасць дакрануцца да народнай творчасці.