КУЛЕЦКАЯ Наталля Міхайлаўна
КУЛЕЦКАЯ Наталля Міхайлаўна
1973 г.н.
Дубітава Івацэвіцкага раёна Брэсцкай вобласці
Нарадзілася Наталля Міхайлаўна 4 сакавіка 1973 года ў вёсцы Чамялы Івацэвіцкага раёна Брэсцкай вобласці. Яшчэ з ранняга дзяцінства ў яе праявілася цяга і любоў да народнага мастацтва. Першыя крокі пачаліся з саломапляцення. «Мне здаецца, што тая работа, якую патрабуе душа – лепшы адпачынак. Яна і супакойвае, і дае сілы», – так разважае Наталля Міхайлаўна. Ні адно раённае мерапрыемства не абыходзіцца без яе творчых работ, створаных на аснове традыцыйнага беларускага вобразу, які адлюстроўвае прыгажосць роднага краю. І, па-ранейшаму, майстрыха перажывае: як на гэты раз адгукнуцца людзі аб яе творах.
У 2012 годзе ў Івацэвіцкім гарадскім Доме культуры ладзілася першая выстава яе работ. З таго часу работы яе былі прадстаўлены больш чым на 70 выставах, святах, фестывалях і іншых мерапрыемствах раённага, абласнога і рэспубліканскага ўзроўняў.
Зацікаўленасць да жыцця, дапытлівы розум, тонкі густ эстэтыкі і абаяльнасць – характэрныя рысы Наталлі Міхаўлаўны як чалавека, і як творчай асобы. Таму вакол яе з лёгкасцю збіраюцца людзі, дзеці, каб пераняць яе майстэрства. Залатыя рукі майстра ствараюць аўтарскую непаўторнасць, індывідуальны малюнак, які адлюстраваны ў кожным яе творы. Усё яна робіць добрасумленна і ўпэўнена, што справе сваёй яна не здрадзіць пакуль мае сілы і адчувае, што яе творчасць патрэбна людзям.