КУРЛОВІЧ Лідзія Аляксандраўна
1975 г.н.
Свяціца Ляхавіцкага раёна Брэсцкай вобласці
Курловіч Лідзія Аляксандраўна нарадзілася ў вёсцы Свяціца Ляхавіцкага раёна. Яшчэ ў малодшым школьным узросце захапілася вышыўкай, цікавасць да якой атрымала ў спадчыну ад сваёй маці – Валянціны Буйкевіч. Нітка, голка, палатно – вось і ўсё, што патрэбна ёй, каб ствараць сапраўднае беларускае адзенне ды яшчэ з мясцовым свяціцкім арнаментам.
З 2003 года пачала працаваць майстрам народных промыслаў і рамёстваў школы народнай творчасці пры Свяціцкім сельскім Доме культуры дзяржаўнай установы культуры “Ляхавіцкая раённая цэнтралізаваная клубная сістэма” па класу вышыўкі.
Дзякуючы творчаму падыходу да працы, у яе руках ажываюць навыкі розных відаў вышывання (крыжык, гладзь, бісер і інш.) Вышытыя яе залатымі рукамі карціны, іконы, рушнікі, сурвэткі, настольніцы здзіўляюць і заварожваюць усіх, каму даводзілася іх бачыць. Шмат гадоў Лідзія пераймала навыкі мясцовых майстрыц, а сёння ахвотна перадае ўсё, аб чым даведалася і чаму навучылася сваім выхаванцам.
З 2019 года зацікавілася даволі рэдкім рамяством – пляценнем паясоў, якое захапіла яе з галавой. З цягам часу стала асвойваць новыя, больш складаныя тэхнікі – на бёрдышках, на дошчачках, на крузе, на станку. З 2021 года Лідзія Аляксандраўна ўзначаліла яшчэ і ўзорную студыю дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва “Вясёлка” Свяціцкага сельскага Дома культуры дзяржаўнай установы культуры “Ляхавіцкая раённая цэнтралізаваная клубная сістэма”, дзе вядзе адзін з напрамкаў – пляценне паясоў. Сваё ўменне кіраўнік перадае вучням, якія з задавальненнем наведваюць студыю.
Работы Лідзіі Аляксандраўны дэманструюцца на абласных, рэспубліканскіх і міжнародных выставах.