Мастацкія практыкі саломапляцення Брэсцкай вобласці

Мастацкія практыкі саломапляцення Брэсцкай вобласці

Саломапляценне на Берасцейшчыне – традыцыйны від дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, распаўсюджаны на тэрыторыі ўсёй вобласці. Жывая народная традыцыя страціла ўтылітарнасць, але набыла дэкаратыўную мастацкасць, праз якую транслюе гісторыю. Сувенірныя вырабы з саломы – адметная рыса прэзентацыйных мерапрыемстваў аб Беларусі. Гэта спадчына, якую мы павінны зберагчы і перадаць нашчадкам, як адзін з прыкладаў этнічнай самабытнасці нашага народа.

Сучасныя вырабы з саломы – гэта метафарычная трансляцыя гістарычнай самабытнасці нашага народа, этнаграфічная з’ява, якая сфарміравалася ў важкі па сваёй грамадска-культурнай значнасці вобраз, атрымаўшы назву “беларуская саломка”.

Адным з прыярытэтных кірункаў дзейнасці дзяржаўнай установы культуры “Брэсцкі абласны грамадска-культурны цэнтр” з’яўляецца падтрымка і папулярызацыя традыцыйнай культуры вобласці, выяўленне, фіксацыя і зберажэнне традыцыйных мастацкіх праяў народнай творчасці, у тым ліку саломапляцення. Гэтая традыцыя беларусаў, шырока прадстаўленая на Брэстчыне, патрабуе ўвагі да вывучэння назапашанага вопыту, дзеля выхавання наступнікаў гэтага рамяства. У вобласці працуюць спецыялізаваныя гурткі і студыіі дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, асноўная мэта якіх – навучанне і перадача малодшаму пакаленню гісторыі, уменняў і навыкаў традыцыйнага беларускага саломапляцення. У Брэсцкай вобласці зафіксавана звыш трыццаці майстроў дадзенага напрамку, якія працуюць ва ўстановах культуры і дадатковай адукацыі.

Беларускія мастацкія практыкі саломапляцення, у тым ліку Брэсцкай вобласці, увайшлі ў 2020 годзе ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь.