Шчадроўны абрад “Конікі”, які штогод ладзяць 13 студзеня жыхары Давыд-Гарадка, увайшоў у Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь у 2020 годзе.
Да ўнікальнага свята рыхтуюцца цэлы год, шыюць касцюмы ды вырабляюць маскі, а затым асобнымі гуртамі калядоўшчыкаў у традыцыйных і сучасных масках уваходзяць у кожны дом з песнямі і музыкай, добрымі пажаданнямі, разыгрываюць сцэнкі. Гаспадары шчодра іх адорваюць. Традыцыйныя маскі – гэта Дзед і Баба (сімвалізуюць продкаў), Мядзведзь, якога вядзе на ланцугу Цыган, Цыганка з лялькай-немаўлём варожыць, Воўк з трубой або горнам сігналіць пра падыход начных шчадроўнічкаў, Чорт, Смерць з касой – пужаюць дзяцей, а Бык, Казёл, Карова, Ліса, Баран, Заяц уключаюцца ў тэатралізаванае дзейства па сітуацыі. Прычым, многія маскі – з музычнымі і сігнальнымі інструментамі: ражок, горн, гармонік, акардэон, баян, барабан і іншыя. На чале кожнага гурта – вершнік на Кані (ён носіць на сабе адмысловым чынам вырабленую канструкцыю з маскай Каня, сам апрануты ў шынэль, у руках шабля або іншыя атрыбуты). Выконваюцца традыцыйныя песні-шчадроўкі.
Гарадчукі ганарацца сваім абрадам “Конікі”, які захавалі ў жывой традыцыі. Прыязджаюць людзі і з навакольных вёсак, каб паўдзельнічаць у свяце. Многія былыя жыхары гарадка, якія выехалі ў пошуках працы ў іншыя гарады, на Шчодры вечар стараюцца прыехаць на радзіму, каб адведаць бацькоў і сваякоў, самім акунуцца ў непаўторную атмасферу свята ў Давыд-Гарадку, а часам прывозяць з сабой гасцей, каб паказаць ім гэтую цікавую для іншых рэгіёнаў традыцыю. У многіх сем’ях беражліва захоўваецца абрадная калядная атрыбутыка. Маладыя мужчыны самі робяць для сябе “Коніка” і іншыя маскі. Маскі робяць таксама ў школах і па месцы працы, там жа ствараюццца гурты і вучацца абыгрываць маскі і спяваць.
Усе жыхары Давыд-Гарадка ў кожнай хаце рыхтуюць святочную вячэру з традыцыйных страў і збіраюцца ўсёй сям’ёй за святочным сталом, запрашаюць сваякоў і сяброў у госці і чакаюць прыходу “конікаў”. Бывае, што гуртоў 10 прыходзіць у Шчодры вечар – усіх частуюць і адорваюць. Некаторыя ўсёй сям’ёй адпраўляюцца шчадраваць, апрануўшы традыцыйныя маскі. Работнікі культуры Давыд-Гарадка і Століна арганізуюць сцэнічную пляцоўку і святочную канцэртную праграму, конкурс і ўзнагароджванне калядных гуртоў “конікаў”.
Ларыса Быцко,
заг.аддзела традыцыйнай культуры АГКЦ.
Артыкул падрыхтаваны на аснове матэрыялаў ДзУК “Столінская раённая клубная сістэма”