Назарук Ала Сцяпанаўна

НАЗАРУК Ала Сцяпанаўна

1972 г.н.

Маларыта Брэсцкай вобласці

Нарадзілася ў вёсцы Перавое Маларыцкага раёна Брэсцкай вобласці. Працуе майстрам народных рамёстваў раённага цэнтра народнай творчасці дзяржаўнай установы культуры “Маларыцкі раённы цэнтр культуры”, дзе вядзецца вялікая работа па прапагандзе і папулярызацыі народнай творчасці, далучэнню насельніцтва да традыцыйнай культуры рэгіёна.

З народнай творчасцю была знаёма яшчэ з дзяцінства: займалася ў розных гуртках у школе, не раз удзельнічала ў выставах. Калі ў 1992 годзе ў в. Арэхава распачынае сваю работу філіял Брэсцкай фабрыкі сувеніраў, становіцца адной з першых вучаніц, самастойна ўдасканальвае сваё майстэрства па кнізе В. Лабачэўскай “Возьми простую соломку”, наведвае майстар-класы па саломапляценні з мэтай набыцця практычных навыкаў і пашырэння творчых здольнасцей.

Працавала дырэктарам Макранскага сельскага Дома культуры, дзе стварыла гурток па саломапляценню, затым кіраўніком гуртка саломапляцення ў раённым цэнтры народнай творчасці. Свае веды, уменні і навыкі перадае дзецям, з’яўляецца кіраўніком аматарскага аб’яднання майстроў народнай творчасці “Скарб талентаў”.

З 2018 года была пераведзена на пасаду майстра народных рамёстваў Маларыцкага раённага цэнтра народнай творчасці. Ажыццяўляе мастацкую апрацоўку саломкі, працуе ў тэхніцы саломапляцення, пучкавога пляцення, аплікацыі. Сярод вырабаў – кветкі, саламяныя скульптуры-птушкі, конікі, лялькі, павукі, галаўныя ўборы-капелюшы, вянкі, абручы, саламяныя ўпрыгожванні, саламяныя пано.

Для Заслужаннага аматарскага калектыву Рэспублікі Беларусь узорнага фальклорнага калектыву “Вясковая табала” Хаціслаўскага сельскага Дома культуры дзяржаўнай установы культуры “Маларыцкі раённы цэнтр культуры” стварыла калекцыю капялюшоў.

Для папулярызацыі і развіцця цікавасці да саламянага традыцыйнага мастацтва, праводзіць майстар-класы, удзельнічае ў сацыяльных праектах, а ў Маларыцкім раённым цэнтры народнай творчасці размешчана пастаянна дзеючая выстава вырабаў з саломкі.