У Маларыцкім раёне ў канцы ХIX пачатку ХХ стагоддзяў было характэрна ўжыванне ўзорных тэхнік ткацтва для аздаблення прадметаў адзення (сарочкі, фартухі, наміткі, паясное адзенне) і ручнікоў. Тэхніка бранага двухуточнага ткацтва дазваляла ствараць геаметрычныя ўзоры. Спосабы арнаментавання насілі розныя назвы, але вылучалася адна – ткацтва “кажушком”.
Да 2011 года тэхналогія ткацтва “кажушком” была згублена і заставалася толькі на прыкладах аўтэнтычнага адзення. Але намаганнямі народнага майстра Рэспублікі Беларусь Сцепаніды Аляксееўны Сцепанюк (1935-2022), выбітной ткачыхі, якая шмат гадоў сваёй творчай працы прысвяціла вывучэнню гэтай тэхналогіі, была адноўлена і адроджана.
З дапамогай чатырохнітовай тэхнікі ткацтва атрымлівалі аднабаковае перапляценне на аснове саржавага, якое па-мясцоваму называлася “кажушок”. У тэхналогіі ткацтва “кажушком” характэрнай рысай з’яўляецца тое, што ўточная нітка ўтварае адначасова ўзор і фонавае палатно. Пры разбурэнні ўзору парушаецца структура і самой тканіны. Тэхналогія ткацтва “кажушком” дазваляе ткаць не толькі аднакаляровыя, але і шматкаляровыя тканіны. Тым не менш, тканіна застаецца аднаўточнай.
Узор “кажушком”, як і ўсякі “нітавы” ўзор, закладваецца перш за ўсё ў запраўцы кросен. Для таго, каб атрымаць як мага больш узораў на аснове адной запраўкі, ужываліся розныя варыянты ходу па “панажах”. Тэхналогія маларыцкай запраўкі “кажушком” дазваляе атрымаць чатыры тэхналогіі ткацтва, дзякуючы ходу па “панажах”. Арнамент на тканіне набіраецца іголкаю і выконваецца пры дапамозе “дошчачак”.
Тканіна атрымлівалася са складанымі, дакладна распрацаванымі, узорыстымі кампазіцыямі. Паміж чырвонымі ўзорыстымі палосамі дадаткова натыкалі гладкія ці дробнаўзорыстыя шэра-белыя палоскі. Яны памякчалі напружанасць каларыту аздаблення і надавалі тканіне непаўторную прыгажосць.
Маларыцкі раён адметны тым, што нават у наш час, існуюць жывыя асяродкі ткацтва ў аг. Дарапеевічы, Хаціслаў, вв. Хмялеўка, Ацяты, Сушытніца, Мельнікі, г. Маларыта.
Зараз Маларыцкі край – сапраўдны цэнтр ткацтва Берасцейшчыны, дзе мясцовыя ткачыхі ствараюць творы народнага мастацтва па аўтэнтычнаму ўзору.
Пастановай Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь №56 ад 20.03.2023 традыцыйнай тэхналогіі ткацтва “кажушком” на тэрыторыі Маларыцкага раёна Брэсцкай вобласці нададзены статус гісторыка-культурнай каштоўнасці Рэспублікі Беларусь.
Ігнацюк Кацярына, вядучы метадыст па этнаграфіі і фальклоры ДзУК “Брэсцкі АГКЦ”
Артыкул падрыхтаваны на аснове матэрыялаў ДУК “Маларыцкі раённы метадычны цэнтр культурна-асветнай работы”