Традыцыя роспісу на шкле на Бярозаўшчыне і Пружаншчыне – яркая і жывая традыцыя.
З пачатку XX ст. роспіс на шкле вылучыўся ў самастойны від дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, распаўсюджанага па ўсёй Беларусі. На тэрыторыі Брэстчыны гістарычны арэал бытавання прадстаўленай традыцыі налічваў 24 населеных пункты ў Бярозаўскім і 17 ў Пружанскім раёнах.
Тэхналогія роспісу на шкле: спачатку пяром “зорачкай” чорнай тушшу малюецца контур эскіза (у становішчы “наадварот”). Калі ён засохне, тады размалёўваецца фарбамі ад больш буйных дэталяў да самых дробных. Пад шкло падкладваюць скамячаную фольгу.
Размалёўкі на шкле з'яўляюцца відам народнага жывапісу, якія па стылі, кампазіцыйнаму і колераваму рашэнню вельмі разнастайныя. Найбольшага развіцця роспіс на шкле дасягнуў у 1920-1960-я гг., калі маляванкі сталі абавязковай дэталлю вясковых інтэр’ераў. У 1970-я гады дадалася праца з празрыстымі лакамі. Макоўчык Алена Васільеўна з в. Совіна Бярозаўскага раёна, яшчэ па сёння добра валодае гэтай тэхналогіяй роспісу і можа распавесці. Потым, амаль да 1980-х гадоў, адчувалася зніжэнне цікавасці да гэтага майстэрства, паменьшылася колькасць майстроў. Разам з тым, дзякуючы адзінкавым майстрам Барозаўскага і Пружанскага раёнаў, якія працягвалі традыцыю і не давалі ёй цалкам знікнуць, мастацтва роспісу на шкле працягвала існаваць. Працэс аднаўлення традыцыі распачаўся ў другой палове 1980-х гг. шляхам правядзення выстаў і майстар-класаў, конкурсаў, заняткаў, збірання калекцый.
У мерапрыемствах бралі ўдзел носьбіты традыцыі, якія дзяліліся сваімі навыкамі з маладымі мастакамі.
На Пружаншчыне, пачала грунтоўна даследваць і навучаць гэтаму віду творчасці дорослых і дзяцей – народны майстар Беларусі Марыя Кулецкая, якая роспісам на шкле займаецца з 1970-х гадоў. Менавіта яна і аднавіла прызабыты самабытны роспіс на шкле. Марыя Мікалаеўна зладзіла экспедыцыі па вывучэнню традыцыі роспісу на шкле амаль па ўсім раёне, вывучала работы носьбітаў традыцый, каб засвоіць іх манеру і аднавіць тэхніку малявання. Кожную з карцін майстроў дэталёва вывучыла, а потым сама ўзялася за працу. У 2006 годзе стварыла і на працягу многіх гадоў была кіраўніком узорнай студыі дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва “Шклінка-маляванка” ДУК “Пружанскі гарадскі Палац культуры”. Цікавасць да гэтага віду творчасці пераняла ад свайго бацькі Клімашэвіча Мікалая Рыгоравіча і маці Еўдакіі Мікіцічны з в. Кабылаўка. Перадала свае веды дачцэ Мамановіч Ірыне Міхайлаўне. Малююць на шкле і ўнукі майстра. Марыя Мікалаеўна папулярызацуе роспіс на шкле з дапамогай правядзення выстаў і майстар-класаў для розных катэгорый насельніцтва, заахвочвае маладых мастакоў.
Народны майстар Беларусі з г. Бяроза Тацянна Зданевіч практыкуе роспіс на шкле з 1996 года, пераняла майстэрства ад майстроў Макоўчык А. В. з в.Совіна і Зінавук Н. А. з в. Шылінок. Даследвала тэхналогію роспісу на шкле падчас экспедыцый, якія былі арганізаваны ў 26 вёсках Бярозаўскага раёна. Майстар зберагае тэхніку роспісу майстроў Бярозаўшчыны, адлюстроўвае ў сваіх працах і дэманструе на майстар-класах і выставах. Перадала майстэрства роспісу на шкле сваім дзьвум дочкам і працягвае перадаваць вучням.
Маладыя майстры працягваюць традыцыю роспісу на шкле і іх колькасць з кожным годам павялічваецца. Удзельнічаюць у выставах, кірмашах, выкарыстоўваюць матывы і тэхніку роспісу на шкле для стварэння сувенірных вырабаў, праводзяць майстар-классы, якія адлюстроўваюць асаблівасці беларускай культуры.
Роспіс на шкле – гэта частка нашай гісторыі, якую мы павінны беражліва захоўваць, развіваць, каб на гэтым прыкладзе маладое пакаленне выхоўвалася ў гармоніі і любові да сваёй гісторыі.
Пастановай Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь №56 ад 20.03.2023 нематэрыяльнай праяве творчасці чалавека “Традыцыйнаму роспісу на шкле” на тэрыторыі Бярозаўскага і Пружанскага раёнаў Брэсцкай вобласці нададзены статус гісторыка-культурнай каштоўнасці Рэспублікі Беларусь.
Ігнацюк Кацярына, вядучы метадыст па этнаграфіі і фальклоры ДзУК “Брэсцкі АГКЦ”
Артыкул падрыхтаваны на аснове матэрыялаў ДУК “Бярозаўскі раённы метадычны цэнтр народнай творчасці і культурна-асветнай работы”,
ДУК “Пружанская раённая цэнтралізаваная клубная сістэма”.