ВЁСКА ПАДБЕЛА, КАМЯНЕЦКІ РАЁН, БРЭСЦКАЯ ВОБЛАСЦЬ
Найбольш цікавай і арыгінальнай з’явай беларускага народнага ткацтва было і застаецца двухасноўнае (падвойнае) ткацтва. Росквіт дадзенага ткацтва ў Камянецкім раёне прыпадае на другую палову ХХ ст. і існуе па сённяшні час як жывая з’ява. Такія падвойныя (двухасноўныя) дываны быццам складаюцца з дзвюх асобных тканін, якія спалучаюцца адна з адной па краях і ў месцах узору. Для асновы бяруць тоўстыя ільняныя або баваўняныя ніткі, для ўтку – шарсцяную пражу хатняга вырабу. Прадзеныя ўручную ніткі надаюць дывану пэўную пругкасць, а ўзорам – рэльефнасць. Лічба “два” – ключавая ў тэрміне “падвойнае ткацтва”: двухколеравая гама дывана, два колеры нітак, якія закладваюцца ў кросны, два бакі дывана – у яго няма споду – аднолькава прыгожыя і акуратныя, толькі колеры паўтараюцца люстэркава: калі з аднаго боку жоўты ўзор на карычневым колеры поля, то з другога – карычневы на жоўтым. Часцей за ўсё ўжываюцца ніткі чырвонага (і яго адценняў), зялёнага, сіняга, чорнага колераў, выкарыстоўваючы два кантрастныя колеры: зялёны – з карычневым або чырвоным, чырвоны – з фіялетавым або чорным і г.д. Краі камянецкіх падвойных тканін звычайна заканчваюцца махрамі: на кароткіх баках – з прадаўжэння асновы, на доўгіх – давязваюцца з такіх жа нітак, як дыван. Такой посцілкай можна карыстацца на абодва бакі. “Дыван” можа праслужыць не год і нават не пяцьдзясят. Мыць яго не варта. Узімку пакласці на снег адным бокам, другім – і ўсё “мыццё”. Дываны перадаваліся ў спадчыну з пакалення ў пакаленне, ад бабулі да ўнучкі, ад маці да дачкі. Такія рэчы ствараюцца з усведамленнем, што пражывуць яны стагоддзі.