Традыцыйныя каштоўнасці і іх практыка належаць да важных праяў калектыўнай культуры памяці. Трансляцыя традыцыйных уяўленняў, ведаў і навыкаў ад пакалення да пакалення дазваляюць пэўнай супольнасці захаваць сваю ідэнтычнасць. Гэты працэс адбываецца рознымі шляхамі, у тым ліку праз індывідуальную творчасць.
Традыцыі народнай культуры вясковых жыхароў в. Цераблічы Столінскага раёна і яе наваколля сталі зместам творчасці Івана Піліпавіча Супрунчыка. Ён з’яўляецца носьбітам мясцовай культуры, якую ўвабраў у сябе з дзяцінства, зафіксаваў у сваіх вобразах для наступных пакаленняў і ўвесь час транслюе яе.
Іван Піліпавіч Супрунчык – народны майстар Рэспублікі Беларусь, які непаўторнае мастацкае ўспрыманне рэчаіснасці адлюстроўвае ў творах з дрэва, графічных працах. Разьбяр, знакаміты тым, што высякае з дрэва самабытную драўляную скульптуру, карыстаючыся толькі сякерай, малюе вялікія серыі графічных твораў.
Творчасць І.П. Супрунчыка мае філасофскую аснову і адлюстроўвае мінулае. Вобразы паданняў, звычаі, абрады, гісторыя яго сям’і і роднай вёскі – абагульненні аб сэнсе і вартасці чалавечага жыцця.
Для сваіх прац майстар выкарыстоўвае сухія дрэвы, якія пераўтварае ў выявы людзей. Пасля гэтага, каб надаць скульптуры “душу”, размалёўвае яе дзеля ўзмацнення вобразнасці і канкрэтызацыі характарыстыкі персанажаў. Ён не “ажыўляе” скульптуры, а дадае ім асаблівасці праз дэталізацыю мясцовых традыцыйных строяў, галаўных убораў. Пакрывае дрэва бяліламі, на якіх чырвоным колерам пазначае дэталі: мужчынскія паясы, каптаны на жанчынах, далікатны палескі паласаты арнамент на сарочках і фартухах. Такім чынам, перад гледачом паўстае традыцыйны каляровы вобраз Палесся пачатку ХХ стагоддзя.
Іван Супрунчык унёс вялікі ўклад у захаванне і папулярызацыю фальклорнай спадчыны Палесся. У Цэнтры драўлянай скульптуры ім сабрана вялікая этнаграфічная калекцыя, cтворана цэлая галерэя палешукоў, якая дае прадстаўленне аб іх быце, працы, укладзе жыцця і святах. Творы майстра вобразна апавядаюць аб продках – родапачынальніках жыхароў вёскі Цераблічы, іх нораве, звычках, пра палескія абрады, звычаі, паданні. Майстар вучыць, як важна ўшаноўваць продкаў, зберагаць іх вопыт дзеля сваёй будучыні, як важна захаваць сувязь пакаленняў, прывівае любоў да гісторыі і традыцый свайго краю.
Пастановай Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь №70 ад 26.06.2025 нематэрыяльнай праяве творчасці чалавека “Практыкі захавання народных традыцый і культурнай памяці ў творчасці Івана Супрунчыка” в. Цераблічы Столінскага раёна Брэсцкай вобласці нададзены статус гісторыка-культурнай каштоўнасці Рэспублікі Беларусь.


















