Першыя ўменні разьбы па дрэве атрымаў у дзяцінстве ад свайго дзеда Сцяпана, які выразаў з дрэва лялькі, лыжкі і рэчы гаспадарчага прызначэння. Пасля школы працягнуў вучобу і скончыў Кобрынскае вышэйшае прафесіянальнае вучылішча выяўленчага мастацтва і народных мастацкіх промыслаў.
Дыяпазон творчасці Юрыя Рубана шырокі і шматгранны: ад аб’ёмнай скульптуры да рэчаў дэкаратыўна-ўтылітарнага прызначэння. За гады творчай дзейнасці дасканала асвоіў ўсе тэхнікі апрацоўкі дрэва і віды традыцыйнай разьбы па дрэве і з поспехам прымяняе ўменні ў працы. Яго работы вылучаюцца высокай якасцю апрацоўкі, ўласнай мастацкай манерай выканання, дасканалымі формамі і эстэтычным густам.
Тэматыка работ разнастайная: гістарычныя постаці, бытавыя кампазіцыі, казачныя і літаратурныя вобразы. У калекцыі прац мноства прадстаўнікоў жывёльнага свету Беларусі, а ў апошні час у творчасці аддае перавагу вырабу традыцыйнага драўлянага посуду. У яго калекцыі розных памераў лыжкі і лыжачкі, ўсялякія каўшы і чарпакі, корцы і браціны, цаборкі і ступкі, падсвечнікі, хлебніцы, цукерачніцы, салонкі і інш.
Пастаянны ўдзельнік рознаўзроўневых мерапрыемстваў. Член народнай студыі дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва “Суквецце” Цэнтра дзіцячай творчасці і народных раместваў філіяла ДУК “Бярозаўскі раённы Палац культуры”.
З 2022 года член грамадскага аб’яднання “Беларускі саюз майстроў народнай творчасці”.