Вяль Святлана Віктараўна
1958 г.н.
г. Брэст
Вяль Святлана Віктараўна – майстар выцінанкі, член Беларускага саюза майстроў народнай творчасці з 2005 года.
Нарадзілася ў горадзе Брэсце. З 1975 па 1980 год вучылася на мастацка-графічным факультэце Віцебскага педагагічнага інстытута. Працавала ў сярэдняй агульнаадукацыйнай школе №10 з архітэктурна-мастацкім ухілам г. Брэста, а з 2002 па 2021 год дырэктарам дзяржаўнай установы дадатковай адукацыі Дзіцячай школы выяўленчых мастацтваў імя А.А.Алонцава г. Брэста.
Цікавасць да выцінанкі з’явілася ў Святланы Віктараўны ў 1996 годзе, а ўжо ў 1998 – адбылася яе першая выстава ў мастацкім салоне “БелАрт” у Брэсце.
Захапленне выцінанкай Святланы Віктараўны перайшло і да яе вучняў. З 2002 года ў мастацкай школе быў уведзены курс выцінанкі. На працягу 20 гадоў майстар перадавала свае навыкі і ўменні маладому пакаленню. Вынікам гэтай працы сталі шматлікія выставы: маленькія (ў сценах школы), вялікія (ўстанова культуры Брэсцкі абласны краязнаўчы музей, філіял “Выратаваныя мастацкія каштоўнасці”, выставачная зала дзяржаўнай установы культуры “Брэсцкі абласны грамадска-культурны цэнтр”, дзяржаўная установа культуры “Цэнтральная гарадская бібліятэка імя А.С.Пушкіна). З 2005 па 2009 гг. Святлана Віктараўна была арганізатарам штогадовага Міжнароднага конкурса-выставы “Настаўнік-вучань”, якая дала школе і гораду сустрэчы з таленавітымі працамі і іх аўтарамі з Беларусі, Расіі, Польшчы, Украіны, Балгарыі, Літвы. У выніку – у 2005 і 2009 годзе, разам са сваімі вучнямі, за выцінанкі, атрымала Гран-пры ў намінацыі дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва. У школе сабрана цудоўная калекцыя дзіцячых выцінанак. За правядзенне выстаўкі ў рамках Міжнароднага конкурса “На сваёй зямлі” Вяль С.В. атрымала Падзяку Міжнароднай акадэміі культуры і мастацтва.
У 2004-2006 гадах Святлана Вяль правяла тры майстар-класы па выцінанцы для працаўнікоў культуры вобласці пры дзяржаўнай установе культуры “Брэсцкі абласны грамадска-культурны цэнтр”.
Святлана Віктараўна – выдатны арганізатар і таленавіты майстар ручнога ткацтва і выцінанкі. Яе творчыя працы знаходзяцца ў грамадскіх і асабістых калекцыях у Беларусі, Германіі, Украіне і інш.