АБЛАСНЫ ФЕСТЫВАЛЬ ФАЛЬКЛОРНАГА МАСТАЦТВА “ТАНОЧАК” 2021

15 мая 2021 года на этнаграфічным падворку “Каля плэса” музея народнай творчасці “Бездзежскі фартушок”, аг.Бездзеж Драгічынскага раёна адбыўся V абласны фестываль фальклорнага мастацтва “Таночак”, арганізатарамі якога выступілі ўпраўленне культуры Брэсцкага аблвыканкама, ДзУК “Брэсцкі абласны грамадска-культурны цэнтр” і Драгічынскі райвыканкам.

Менавіта тут, сустрэліся сапраўдныя аматары традыцыйнага мастацтва з розных куточкаў Берасцейшчыны.

Адразу, на ўваходзе ў падворак, удзельнікаў і гасцей свята “сустракалі” каляровыя плакаты з фотаздымкамі і інфармацыяй аб нематэрыяльнай гісторыка-культурнай спадчыне Берасцейшчыны. Далей размясціўся “Горад майстроў”, на якім былі прадстаўлены як кулінарныя стравы традыцыйнай беларускай кухні, так і самаробныя сувенірныя вырабы на любы густ.

Пачыналася фестывальная праграма з конкурсу дзіцячых фальклорных гуртоў. 12 калектываў прадставілі сваё майстэрства ў танцах і спевах, вуснай народнай творчасці і інструментальнай музыцы.

Акрамя конкурсу, на фестываль прыехалі фальклорныя калектывы з Пінскага, Маларыцкага, Столінскага і Драгічынскага раёнаў, галоўным госцем свята стаў узорны фальклорны ансамбль “Верабейкі” Любанскага раённага Цэнтра культуры Мінскай вобласці, пад кіраўніцтвам знакамітага этнахарэографа Сяргея Выскваркі.

На гала канцэрце выступілі самыя лепшыя калектывы і салісты Брэсцкай вобласці.

Рызынкай сёлеташняга фестывалю сталі карагодныя дзеі “Таночкі на маёвым лужочку” з цыклу этнаканцэртаў “Рух зямлі”. Закруціліся ў карагодах не толькі людзі, але і буслы, што луналі і кружылі над “плэсам” “Бездзежскага фартушка”, жадаючы фестывалю доўгае жыццё!