Страмавус Святлана Леанідаўна

СТРАМАВУС Святлана Леанідаўна

1959 г.н.

Адахаўшчына Ляхавіцкага раёна Брэсцкай вобласці

Страмавус Святлана Леанідаўна нарадзілася ў вёсцы Любейкі Ляхавіцкага раёна. Майстар-самавучка. Захапляецца многімі відамі творчасці: саломапляценне, выцінанка, лапікавае шыццё, але на першым месцы заўсёды было саломапляценне. Гэта не проста захапленне – гэта натхненне, супакаенне душы і жыватворны выток беларускасці.

Аматарская захопленасць перарасла ў каханне, а затым стала прафесіяй. У 2018 годзе Святлана Леанідаўна ўзначаліла Адахаўшчынскі Дом народнай творчасці дзяржаўнай установы культуры “Ляхавіцкая раённая цэнтралізаваная клубная сістэма”, дзе вядзе работу па адраджэнню, захаванню, папулярызацыі і пераемнасці традыцый народных мастацкіх рамёстваў сярод насельніцтва.

Яна свабодна валодае традыцыйнымі і сучаснымі прыёмамі пляцення і пастаянна шукае новыя вобразы ў творчасці і прыёмы для іх увасаблення. У работах спалучае розныя тэхнікі апрацоўкі і дэкору. Што б са сваіх работ яна ні паказвала – незвычайна ўражвае і здзіўляе сваёй разнастайнасцю: кветкі, пано, павукі, галаўныя ўборы (жаночыя і мужчынскія, какошнікі), фігуркі жывёл (коні, козы, жар-птушкі, буслы), лялькі, абярэгі.

Сакрэты мастацтва па саломапляценню ў майстра пераймаюць яе юныя вучні, якія неаднаразова прымалі ўдзел у абласных і раённых выставах і былі ўзнагароджаны дыпломамі і граматамі. Заняткі ў гуртках і аматарскіх аб’яднаннях, выступленні, майстар праводзіць як для дзяцей так і для дарослых, ўсіх хто прыходзіць на яе заняткі. Вядзе экскурсіі па Дому народнай творчасці. Многія работы майстрыхі ўпрыгожваюць установы культуры горада і раёна.