СУПРУНЧЫК Іван Піліпавіч
1942 г.н.
Цераблічы Столінскага раёна Брэсцкай вобласці
Нарадзіўся Іван Піліпавіч у в. Цераблічы Столінскага раёна Брэсцкай вобласці, там жа скончыў школу, куды пасля вучобы ў Магілёўскім бібліятэчным тэхнікуме, вярнуўся працаваць у сваю родную веску. Зараз працуе дырэктарам Цэнтра драўлянай скульптуры вёскі Цераблічы.
Іван Піліпавіч Супрунчык, народны майстар, знакаміты тым, што высякае з дрэва, карыстаючыся толькі сякерай, самабытную драўляную скульптуру і малюе вялікія серыі графічных твораў. У іх адлюстравана мінулае Палескага краю – вобразы паданняў, звычаі і абрады, трагічная гісторыя яго сям’і і вёскі ў Вялікую Айчынную вайну, чалавечы боль спачування ахвярам Чарнобыля, які ўзняты на вышыню філасофскіх абагульненняў аб сэнсе і вартасці жыцця чалавека. Майстар стварыў цэлую галерэю палешукоў, якая дае прадстаўленне аб іх быце і працы, укладзе жыцця і святах. Самабытны інсітны творца, які не атрымаў прафесійнай мастацкай адукацыі, ён усё жыццё ўдасканальвае свой мастацкі дар і з адказнасццю выконвае творчую грамадзянскую місію.
Дыяпазон творчасці Івана Супрунчыка вельмі вялікі і шматгранны. Майстар яскрава ўсвядоміў для сябе і вучыць іншых, як важна ўшаноўваць продкаў, зберагаць іх вопыт дзеля сваёй будучыні, як важна захаваць сувязь пакаленняў. Ён з’яўляецца этнографам, збіральнікам песен, казак і паданняў свайго рэгіёну. Дзякуючы намаганням Івана Піліпавіча, пры Цэнтры драўлянай скульптуры створаны этнаграфічны музей. З мэтай стварэння ўмоў для развіцця і зберажэння народнай творчасці, далучэння мясцовага насельніцтва да прыкладнога мастацтва пры Цэнтры працуе гурток драўлянай скульптуры.
Яго творы захоўваюцца і экспануюцца ў Нацыянальным гістарычным музеі Рэспублікі Беларусь, Брэсцкім абласным краязнаўчым музеі, Столінскім краязнаўчым музеі і інш.