СЦЕПАНЮК Сцепаніда Аляксееўна
1935 г.н.
Дарапеевічы Маларыцкага раёна Брэсцкай вобласці
Сцепаніда Сцепанюк – ткачыха, дзякуючы якой, была адроджана старадаўняя тэхналогія ткацтва «кажушком».
Сцепаніда Аляксееўна сваёй самабытнай творчасцю не раз здзіўляла жыхароў не толькі Беларусі, але і Польшчы, Расіі, Украіны.
2012-2019 гады – яркі этап творчай дзейнасці Сцепаніды Сцепанюк. Яна з’яўляецца ўладальніцай Гран-пры конкурсу майстроў традыцыйнага ткацтва «Палатняныя пераплёты»; дыпламантам Міжнароднага Ягелонскага кірмашу (Польшча) за эстэтычныя знаходкі, артыстызм і майстэрскае правядзенне майстар-класа, захаванне традыцыйных народных промыслаў; удзельніцай VI рэспубліканскага фестывалю-кірмашу рамёстваў «Вясновы букет»,
XXII Міжнароднага фестывалю мастацтваў «Славянскі базар у Віцебску»; праводзіла майстар-клас па ткацтве для праграмы «Спадчына» (тэлеканал Мінск TV); удзельніца праекта «Народная творчасць без межаў», задачай якога з’яўляецца стварэнне ўмоў для адраджэння і развіцця традыцый рэгіянальнага ткацтва на тэрыторыі Маларыцкага (Беларусь) і Ратнаўскага (Украіна) раёнаў. Неаднаразова праводзіла майстар-класы для дзяцей і дарослых у Беларусі і Польшчы, для калег-кіраўнікоў гурткоў. Яе творчая дзейнасць непарыўна звязана з народнай песняй. Яна – галоўная гераіня хранікальна-дакументальнага фільма «Узоры лёсу», знятага вытворча-творчым Рэспубліканскім прадпрыемствам «Беларускі відэацэнтр» Міністэрства культуры.
Для артыстаў Заслужанага аматарскага калектыву ансамбля танца «Радасць» Брэсцкага гарадскога Дома культуры яна выткала (разам з Вялянцінай Струнец, дырэктарам Маларыцкага раённага Цэнтра народнай творчасці ДзУК «Маларыцкі раённы Цэнтр культуры») спадніцы і фартушкі з узорам маларыцкага строю адзення. Справа рук Сцепаніды Сцепанюк – ручнік, вытканы для абласнога фестывалю-кірмашу «Дажынкі-2010», які праходзіў у Маларыце.