Абласны фестываль фальклорнага мастацтва “Таночак”

Адным з дзейсных сродкаў захавання і папулярызацыі традыцыйнага мастацтва з’яўляецца абласны феставаль фальклорнага мастацтва “Таночак” (далей – фестываль), які праводзіцца з 2013 года перыядычнасцю раз у два гады ў аг. Бездзеж Драгічынскага раёна Брэсцкай вобласці.

Арганізатарамі фестывалю з’яўляюцца ўпраўленне культуры Брэсцкага абласнога выканаўчага камітэта, дзяржаўная ўстанова культуры “Брэсцкі абласны грамадска-культурны цэнтр”, Драгічынскі раённы выканаўчы камітэт.

Мэты і задачы фестывалю: вывучэнне, аднаўленне і захаванне мясцовай традыцыйнай культуры; фарміраванне каштоўнасных арыенціраў беларускага грамадства ў кірунку асэнсавання значнасці традыцыйнага мастацтва ў сістэме сучаснай беларускай і сусветнай культуры; выхаванне падрастаючага пакалення сродкамі народнай спадчыны беларусаў; пашырэнне геаграфіі далучэння дзяцей, падлеткаў, моладзі да гісторыка-культурных каранёў сваёй бацькаўшчыны; адкрыццё новых фальклорных калектываў, стымуляванне іх дзейнасці.

На фестывалі прадстаўлены розныя жанры фальклору: песенная і вусная народная творчасць, інструментальная музыка, а таксама харэаграфія і дэкаратыўна-прыкладное мастацтва і іншыя напрамкі.

У межах фестывалю праходзяць: абласны агляд-конкурс дзіцячых і маладзёжных фальклорных калектываў па розных жанравых накірунках, выступленні фальклорных калектываў з Беларусі і замежжа, майстар-класы па рамёствах і дэкаратыўна-прыкладному мастацтву, выставы вырабаў майстроў народнай творчасці і традыцыйных страў і інш.

За гады існавання фестываль з кожным годам пашыраецца і адкрывае новыя імёны, прываблівае ўсё больш гледачоў, знаёміць турыстаў з багатай культурай Берасцейшчыны.