ТАРАСЮК Мікалай Васільевіч

ТАРАСЮК Мікалай Васільевіч
1932 - 2015
Стойлы Пружанскага раёна Брэсцкай вобласці

Самабытны майстар разьбы па дрэве. Нарадзіўся ў 1932 годзе ў
в. Стойлы Пружанскага раёна Брэсцкай вобласці, на ўскрайку Белавежскай пушчы, дзе жыў усё жыццё.

Яго творчасць – унікальная мастацкая з’ява. Творы маюць непаўторную выяўленчую самабытнасць і адметныя тым, што моцна звязаны з каранёвай народнай традыцыяй. Яны вартыя экспанавацца ў лепшых музеях свету, а імя майстра можа быць унесена ў сусветную энцыклапедыю інсітнага (наіўнага) мастацтва.

У 1999 годзе Тарасюк М.В. уласнымі сіламі пабудаваў на сваёй сядзібе ў в. Стойлы музей, які назваў “Успаміны Бацькаўшчыны”. У музеі сабрана каля 300 работ майстра – скульптурныя кампазіцыі на тэмы сялянскага жыцця (выкананы ў тэхніцы разьбы па дрэве, расфарбованы і ўмацаваны на падстаўкаў, плеценых з лазы). Музей не абмінаюць турысты і госці Белавежскай пушчы.

Творы Тарасюка – сапраўдная сялянская энцыклапедыя, мастацкі аповед аб чалавеку-гаспадару, які спрадвеку працуе на роднай зямлі, каб працягвалася жыццё. У яго скульптурах адлюстраваны ўсе важныя этапы чалавечага жыцця: ад нараджэння да смерці. Галоўная мэта – расказаць нашчадкам аб сялянскай працы, якая, на яго думку, з’яўляецца асновай дабрабыту і росквіту краіны.

“Я раблю для народа. Займаюся Бацькаўшчынай. Мяне не будзе, а мая Бацькаўшчына застанецца,” – гаварыў майстар.

Творы М.В. Тарасюка захоўваюцца і экспануюцца ў Нацыянальным музеі гісторыі і культуры Рэспублікі Беларусь, Брэсцкім абласным краязнаўчым музеі, музеі “Пружанскі Палацык”, ДзУК “Брэсцкі абласны грамадска-культурны цэнтр”.