Традыцыя веснавых карагодаў на Вялікдзень, праводную нядзелю і “Провады зімы”.

 

         У самым цэнтры беларускага Палесся, у вёсцы Пінкавічы Пінскага раёна, існуе старажытная карагодная традыцыя, дзеі якой адбываюцца штогод, у першы дзень Вялікадня і да панядзелка наступнага тыдня.

         Святочны тыдзень Вялікадня (Велікодны тыдзень), пасля ранішняй царкоўнай службы, пачынаецца з гульняў і карагодаў. Жанчыны і дзяўчыны, з асаблівым хваляваннем і радасцю, пасля Вялікага посту, калі спяваць забараняецца, заводзяць першым танок “Траўка-мураўка чым нэ зэлёна…”, які спрыяе “абуджэнню” зямлі і росквіту расліннасці. Карагоды, сімвалізуючы вітанне сонечнага свяціла, праходзяць праз усю вуліцу, спыняючыся на скрыжаваннях, паступова далучаюць у свае кола жаночую палову жыхароў вёскі. Мужчыны і хлопчыкі – гуляюць на ў біткі, качаюць яйкі па зямлі ці з дошчачак.

 

         Наступны тыдзень – праводны (на мясцовым дыялектце – проводна нэділя). У панядзелак пасля Вялікоднага тыдня адбываюцца абрадавыя дзейства “Провады зімы”, якімі, па народнай традыцыі, праганялі зіму за раку. Провады складаюцца з карагода-шэсця жанчын, што паступова пераходзіць у бег з разрываннем вяровак-“путаў зімы”, сімвалічна нацягнутых праз вуліцу і выхадам на бераг ракі, дзе здзейсняюцца рытуалы, накіраваныя на багаты ўраджайны год і счаслівую дзявоцкую долю. Спяваюць:

– “Да проводымо зыму да за гай, за долыну.

За тое мостышчэ, дэ здохло конышчэ.

Іды, зіма, до Бучэва, ты ж нам надокучыла!

Волокы порвала, постолы потоптала.

Да проводымо зыму да за гай, за долыну”…

         Дзяўчыны выбягаюць на луг ля ракі, якая працякае ля вёскі, забягаюць у ваду і вырываюць якую-небудзь расліну. Мераюцца: у каго даўжэйшая, тая будзе спраўнейшая і шчаслівейшая ў гэтым годзе (раней – у той вырасце добры лён). Назад, у вёску, ідуць спяваючы ўжо траецкія (куставыя) песні.

         Традыцыя ваджэння танкоў у Пінкавічах прысвечана салярнаму культу і дзейнічае як загавор, які прынясе хучэй сонечнае цяпло на зямлю. У мінулыя часы, на думку навукоўцаў, гэта былі праводзіны зышоўшых продкаў, душы якіх, згодна даўніх уяўленняў, прылятаюць на Вялікдзень. Іх ушаноўваюць у “Наўскі Вялікдзень” (“Намскі” на мясцовай гаворцы) – чацвер пасля Вялікадня, а ў панядзелак выпраўляюць за вёску. Аб гэтым сведчаць рытуалы, якія здзяйсняюць каля аброчнага крыжа за вёскай і на мясцовых могілках ў Пінкавічах.

         У 2020 годзе традыцыі веснавых карагодаў на Вялікдзень, праводную нядзелю і “Провады зімы” нададзены статус гісторыка-культурнай каштоўнасці Рэспублікі Беларусь.

Ганна Пракаповіч,

вяд. метадыст па фальклоры і этнаграфіі АГКЦ.

 Артыкул падрыхтаваны на аснове матэрыялаў арганізацыйна-метадычнага цэнтра Пінскага раёна