Традыцыя памінання продкаў у аграгарадку Раздзялавічы Ганцавіцкага раёна

Традыцыя памінання продкаў у аграгарадку Раздзялавічы
Ганцавіцкага раёна

Традыцыя памінання продкаў агр. Раздзялавічы Ганцавіцкага раёна з’яўляецца значным элементам мясцовай культуры. Традыцыя ўяўляе сабой як калектыўны, так і асабісты зварот да продкаў з мэтай іх ушанавання, просьбай лепшага жыцця, здароў’я блізкім і родным, добрага ўраджаю, аховы ад розных магчымых катаклізмаў.

Штогод на могілкі “будзіць продкаў” ідуць тройчы: на другі дзень Вялікадня, на Успенне, на Дзяды.

Пасля Благавешчання ідуць на могілкі прыбіраць, затым дома вышываюць жанчынам фартушкі, памерлым мужчынам ручнікі. Вяскоўцы лічаць, што “Паска валікое свято не одно для жывых, яго і ўмерлыя ждуць”.

На другі дзень Вялікадня раніцай чыста ўмываюцца, святочна апранаюцца, чытаюць малітву. Затым накрываюць стол і ўся сям’я садзіцца за стол снедаць.

Калі паснедалі, збіраюць у торбачку тое, што падрыхтавалі браць з сабою: фарбаваныя яйкі, парэзаную на кавалачкі булку, мясныя стравы, цукеркі. Некаторыя нясуць для памерлых мужчын, якія курылі пры жыцці, папіросы. Таксама наліваюць у бутэльку салодкую з журавінамі ваду, бяруць грамнічную свечку (можна не новую) і ўся сям’я ідзе на могілкі. Перад варотамі на могілкі ўсе перахрышчваюцца, падыходзяць да званіцы (маленькі колакал з былой царквы, які ўстаноўлены на вялікім дубе на могілках). Просяць званара: “Здрастуй, дзядзько, мы просім вас позвоніць про нашу родню, опавясціць што прыйшлі родныя”. Ён звоніць, яму кладуць ці яйка, ці булку, ці грошы (дробныя) і тады ўсе ідуць да магіл сваіх родных. На магіле гаспадара (дзеда, мужа), запальваюць свечку выкладваюць на столік пачастункі і клічуць да стала ўсю радню. Крышачку льюць на кожную магілку салодкую ваду і прыгаворваюць: “Каб прышлі помогаць огорода доглядаць, коб прышлі ды подказалі шчо, мо шчо забылі, говораць з імі, благодараць, шчо помогалі пры жызні, горуюць шчо рано покінулі…”, навязваюць на помнік жанчынам вышыты фартушок, дзецям – стужку, мужчынам – ручнік (“коб рукі ўціралі после того, як одведаюць угошчэнне”). Пасля таго, як абыдуць усіх родных пакідаюць могілкі, а затым збіраюцца ў хаце аднаго з прадстаўнікоў роду і працягваюць свята за сталом. Садзяцца за, стол, яшчэ раз клічуць сваіх памерлых родных: “Прыходзьце до нас разом Вялікдзень святковаць”. Стол у гэты дзень багаты, рыхтуюць шмат мясных страў, гуляюць у біткі, спяваюць песні, успамінаюць і расказваюць дзецям, унукам пра сваіх блізкіх, каго ўжо сёння няма.

Другі раз ідуць на могілкі на Успенне. Раніцай устаюць, апранаюць чыстае адзенне, чытаюць малітву “Отчэ наш”, ці “Святая Багародзіца”. Снедаюць, на могілкі ў гэты дзень абавязкова ідзе гаспадыня (астатнія па жаданню) раніцай, гадзін у 9-10. У торбу складае гародніну: моркву, сліўкі, бурачкі, агуркі, яблыкі, грушы (кожнага віду гародніны па адной шт.) для таго, каб “адчытацца што за лета нагадавала”, раскладвае на столік, які абавязкова пабудаваны каля магілкі родных і кажа: “Наце і вам долю вашу”.

Трэці раз памінаюць родных на Дзяды. Да абеда ідуць на “могліцы” “зваць да стала”. У гэты раз нічога на могілкі не нясуць, проста заходзяць да сваёй радні паклікаць іх у сваю хату, каб прыходзілі разам да стала на абед, вячэру. Завуць: “Ходзеце на обед до нас, мы ўжэ готовыя, а вы ляжыце… прыходзьце вачэраць…”. Вечарам вараць квас з грыбамі, посны, пусты. На стол ставяць кашу, мёд, кісель, цукеркі, запальваюць свечку. Перад сном усіх памерлых яшчэ раз успамінаюць услых, прыказваюць: “Поможыце год перажыць, коб быў мірны, урожайны, коб усе здоровыя былі…”, на стале пакідаюць стравы, сярод іх – абавязкова “сыту” (у місачку налітая салодкая вада з кавалачкамі хлеба) і ідуць класціся спаць.


Мясцовыя жыхары кажуць, што калі не паклічаш Дзядоў на вячэру, то яны будуць цэлы год сніцца і пужаць.

Гэта памінальная традыцыя перадаецца ад пакалення да пакалення ў сем’ях вяскоўцаў, якія лічаць памінанне памерлых родных вялікай каштоўнасцю, вартай захавання.