Традыцыя прыгатавання рыбы, сушанай у печы на саломе, уяўляе сабой звычаі, веды і навыкі, а таксама звязаныя з імі інструменты, прадметы і культурную прастору, якія прызнаныя супольнасцю некалькіх вёсак Бярозаўскага раёна ў якасці часткі іх культурнай спадчыны. Гэтая традыцыя перадаецца ад пакалення да пакалення, пастаянна ўзнаўляецца і фарміруе пачуццё самабытнасці і пераемнасці.
Як у даўніну, так і да гэтага часу сушаная ў печы рыба і традыцыйныя стравы з яе карыстаюцца вялікай павагай і гатуюцца ў сем’ях жыхароў вёсак Спорава, Пескі, Здітава і Хрыса Бярозаўскага раёна. Кулінарныя рыбныя традыцыі рэгіёну – гэта прастата народных рэцэптаў, шырокае выкарыстанне мясцовых прадуктаў і іх незвычайныя камбінацыі.
Традыцыя сушыць рыбу на саломе і гатаваць стравы на яе аснове не перарывалася. У кожнай хаце гаспадары (ці адзін з іх), маюць дачыненне да гэтай традыцыі. Яны ловяць, гатуюць і частуюць гасцей сушанай рыбай.
Дакладны час узнікнення традыцыі прыгатавання сушанай у печы рыбы і страў з яе ў вёсцы Спорава і ваколіцах не ўстаноўлены. Можна сцвярджаць, што ў мясцовасці традыцыя сушыць рыбу і гатаваць стравы на яе аснове існавала ў канцы 17 – пачатку 18 стагоддзя.
Сушаць любую рыбу любых памераў: акунёў, яршоў, ляшчоў, уюноў, плотак і інш., але найбольш самачнымі, салодкімі атрымліваюцца карасі.
Для сушкі рыбы ў печы гаспадыні нарыхтоўваюць у час жніва снапочкі роўнай жытняй саломы даўжынёй 40-60 см, якія захоўваюцца на вышках у хляве або дзе-небудзь у прыробку. Адзін снапочак можна выкарыстоўваць некалькі разоў. Зараз, калі не заўсёды ёсць салома, то нарыхтоўваюць для сушкі рыбы пучкі са сцябла кропу, каляндры, часнаку, чароту азёрнага, піжмы. Але найсмачнейшая рыба, сушаная на саломе.
Рыбу патрэбна падрыхтаваць (на спораўскам дыялекце: «окутаты») – вызваліць ад лускі («пачасаць»), выпатрашыць («папароць»), ікру, калі ёсць, пакінуць, абавязкова дастаць жабры, памыць у некалькіх водах. Чым рыба свяжэйшая, тым яна смачнейшая будзе, прыгатаваная любым спосабам. У Спораве кажуць: «Трэба, коб рыба хвостом махала, як ты йіі кутаеш». І ўся работа робіцца з добрым настроем, бо ад настрою гаспадыні залежыць якасць і смак прыгатаванай рыбы.
Сушаная рыба – гэта той прадукт, які да гэтага часу не страціў актуальнасць, а тэхналогіі даўніны працягваюць выкарыстоўвацца ў сучаснай гаспадарцы, хоць і набылі новыя рысы. У наш час рыбу сушаць і ў печы, і ў газавай духоўцы.
Сушаную рыбу ядуць саму па сабе, з чорным хлебам, выкарыстоўваюць як аснову для комплексу адметных карысных страў, традыцыйных для Спорава і навакольных вёсак. Гатуюць на аснове сушанай рыбы як першыя (крышаны, шчаўе, капуста свежая ці кіслая, квас), так і другія стравы (бульба вараная, бульба тушаная, сушаная рыба тушаная). Такія стравы лепш варыць у печы, але, як печы няма, то смачна атрымліваецца і на газавай пліце, і ў мультыварцы.
Стравы з сушанай рыбы гатавалі і гатуюць не толькі паўсядзённа, але і на вяселлі і хрэсьбіны (найчасцей – тушаную ў гаршочку сушаную рыбу), памінкі, вялікдзень, каляды. Ужываюць у шматлікія посныя дні (абавязкова – квас на вячэру на Дзяды), у халодную пару года ці тады, калі рыбы ловіцца мала.
Да нашага часу сушаная ў печы рыба застаецца асаблівым ласункам у кожнай сям’і, пачастункам і жаданым гасцінцам. А стравы з рыбы на сталах займалі і цяпер займаюць адно з галоўных месц, нараўне з хлебам.
У 2019 годзе традыцыі прыгатавання рыбы сушанай у печы на саломе і страў на яе аснове нададзены статус гісторыка-культурнай каштоўнасці Рэспублікі Беларусь.
Ларыса Быцко,
Загадчык аддзела традыцыйнай культуры ДзУК “БрАГКЦ”
Артыкул падрыхтаваны на аснове матэрыялаў ДзУК “Бярозаўская раённая клубная сістэма”