«Традыцыі вырабу і выкарыстання ўбору лелікаўскай свахі ў вёсках Лелікава і Павіцце».

У Кобрынскім раёне да сённяшняга дня захавалася традыцыя вырабу адметнага народнага строю, якую вылучылі як элемент нематэрыяльнай культурнай спадчыны пад назвай «Традыцыі вырабу і выкарыстання ўбору лелікаўскай свахі ў вёсках Лелікава і Павіцце».

Сваха выконвала асаблівую ролю на лелікаўскім вяселлі. Звычайна, на вяселлі, была старэйшая сваха і «свашкі» – маладыя жанчыны і нават дзяўчынкі-падлеткі з роду жаніха. Старэйшай свахай выбіралі родную сястру ці родную цётку жаніха. Старэйшая сваха выконвала галоўную ролю, яна сачыла за паслядоўнасцю вясельных абрадаў, удакладняла іх пачатак і завяршэнне, удзельнічала ў галоўных момантах вяселля. Свашкі па чарзе спявалі прыпеўкі і танцавалі. Свах на вяселлі павінна было быць не менш, як пяць-сем. Традыцыя вылучаць адмысловым уборам сваху мае працяг на тэрыторыі Драгічынскага раёна (в. Радастава), а таксама ў памежных Ратнаўскім і Любяшоўскім раёнах Валынскай вобласці Украіны.

Падчас даследаванняў выяўлена, што захавальнікамі традыцый вырабу і выкарыстання ўбору свахі з’яўляюцца сяляне – жыхары вёсак Лелікава і Павіцце.

З матэрыялаў навуковых даследаванняў вядома, што ў пачатку 20 ст. убор свахі з в. Лелікава адпавядаў строям замужніх жанчын Кобрыншчыны: ільняная сарочка, спадніца (ільняны «палатнянык» або шарсцяны андарак), фартух, тканы пояс з падоўжна-паласатым арнаментам. Адзенне звычайна шылася ўручную з натуральных матэрыялаў. Адметнасць убрання свахі – незвычайны галаўны ўбор, які складаецца з плата і стракатай кароны з паліхромных стужак і рознакаляровага пер’я з хваста і шыі пеўня. Старажытны спосаб камплектавання галаўнога ўбору свахі ў в. Лелікава не захаваўся. Найбольш традыцыйным і правільным можна лічыць спосаб камплектацыі галаўнога ўбору з в. Павіцце, які знаходзіцца ў Музеі старажытнабеларускай культуры (г.Мінск). Галаўны ўбор выраблены ў 1934 годзе Марыяй Мікалаеўнай Радыванюк з в. Павіцце Кобрынскага раёна, 1921 г. н.; у музей паступіў у 1981 годзе. Ніжняй яго часткай з’яўляецца лубяная «каробачка», якая надзявалася на прычоску. Зверху завіваўся плат. Паверх плата (па форме «каробачкі») павязваліся «брыжы» – асобны кампанент убора са сшытых паміж сабой палос рознакаляровай тканіны і стужак, упрыгожаны пацеркамі і бісерам. «Брыжы» завязваліся ззаду прышытымі да іх вузкімі тасёмкамі. Па вуглах «брыжоў» з унутранага боку прышыты пучкі рознакаляровых пер’яў, якія называюцца «пава» ці «рожкі». Плат не прышываўся ні да «каробачкі» ні да «брыжоў», у завітым выглядзе ён замацоўваў на галаве «каробачку».

 

У 30-40-я гады 20 ст. ва ўбранні лелікаўскай свахі адбыліся змены. Паступова знікаюць тканыя і вышытыя элементы. Традыцыйныя ткацкія прыёмы і тэхнікі вышыўкі ва ўпрыгожванні фартуха, кашулі, спадніцы заменены аплікацыяй каляровым сацінам, атласнымі стужкамі і вышыўкай машынным радком. Значна зменшылася прапорцыя белага колеру, узмацнілася роля паласы ў мастацкім аздабленні. Прапарцыянальна павялічылася колькасць чырвонага колеру і яго адценняў, самастойнае гучанне набылі чорны і сіні колеры. З’явіліся адметныя арнаментальныя элементы («вочы»). У выніку, убранне свахі ўжо адрозніваецца ад звычайнага святочнага кобрынскага строю іншым мастацка-пластычным і каларыстычным вырашэннем, вылучаецца сваёй павышанай дэкаратыўнасцю.

У сучасны перыяд усе часткі строю шыюцца з фабрычных баваўняных                тканін – паркалю, саціну і багата ўпрыгожваюцца аплікацыяй з рознакаляровых стужак і тканін. На рукавах, манішцы сарочкі, на фартуху нашываюцца «вочы» – ланцужкі з закругленых ромбаў чырвонага колеру. Ромб у народнай сімволіцы – сімвал зямлі, плоднасці. У сярэдзіне ромбаў выразаюцца кружкі і на іх белым фоне чорнымі ніткамі вышываюцца васьмівугольныя зоркі. Васьмівугольная зорка – вобраз чалавека, сімвалізуе і мужчынскі пачатак. Як тлумачаць носьбіты традыцыйнай культуры, касцюм свахі шыюць з «вачыма», бо яна кіруе вяселлем і ўсё павінна бачыць.

Спадніца бліжэй да пояса абшываецца шырокімі каляровымі стужкамі, унізе – больш вузкімі. Спадніца і фартух складваюцца па шырокіх падоўжных складках, апрацоўваюцца прасам, а потым звязваюцца ў некалькіх месцах і ў такім выглядзе захоўваюцца. Абуваецца сваха ў чаравічкі на абцасах, абавязкова з падкоўкамі, каб сваха гучна прытопвала і прыстуквала ў час танцаў і скокаў.

Сучасны варыянт вырабу і камплектавання галаўнога ўбору свахі прадэманстравала Настасся Ігнатаўна Шапяцюк з в. Лелікава. У гэтым варыянце плат абвіваецца вакол каробачкі і замацоўваецца з дапамогай нітак і іголкі.

Да сярэдзіны 20 ст. захоўвалася жывая традыцыя вырабу ўбору свахі спецыяльна да вяселля. Потым гэты камплект адзення зберагаўся амаль у кожнай сям’і, асабліва там, дзе былі маладыя дзяўчаты.