СТОЛІНСКІ РАЁН, БРЭСЦКАЯ ВОБЛАСЦЬ
Вёска Гарадная Столінскага раёна Брэсцкай вобласці славутая сваім ганчарным промыслам, які бярэ пачатак у XV стагоддзі. Першая літаратурная згадка пра Гарадную адносіцца да 1448 года. У мінулым Гарадная мела статус мястэчка і валодала Магдэбурскім правам і ўласным гербам. Сёння вёска Гарадная – цэнтр сельскага савету.
Да нашага часу ганчарны промысел ў Гарадной існуе ў сваім аўтэнтычным стане. Тут захавалася традыцыйная тэхналогія апрацоўкі гліны, вырабу посуду на нажных ганчарных колах і яго апалу, існуе мясцовая метралогія – сістэма назваў ганчарных форм. Традыцыйны гараднянскі посуд мае буйныя, шарападобныя формы, дасканалыя прапорцыі. Найбольш характэрны белагліняны посуд з выразным дэкорам – роспісам чырвонай глінай (ангобам).
У пасляваенны час ганчарная вытворчасць у Гарадной пачала скарачацца. Гэта было выклікана забаронай ў СССР індывідуальнага прадпрымальніцтва, высокімі падаткамі, дэмаграфічнымі зрухамі і адтокам маладога пакалення з вёскі ў горад. Не далі плёну спробы Пінскай фабрыкі мастацкіх вырабаў супрацоўніцтва з гараднянскімі ганчарамі ў 1970-я гады. Разам з тым, у перыяд 1970 – 1990-х гадоў рамяство гараднянскіх ганчароў было асэнсавана ў якасці набытку нацыянальнай культуры і мастацтва. Вырабы ганчароў Аляксандра Вячоркі, Фёдара Шелеста, Івана Яроміча, Аўрама Басаўца, Андрэя Кісяля, Івана Гембіцкага дэманстраваліся на шматлікіх выстаўках у Беларусі, Маскве і ў замежжы. У 1992 годзе была выпушчана паштовая марка з выявай гараднянскага посуду. На Першым рэспубліканскім свяце-конкурсе “Гліняны звон” у 1996 годзе майстрам года быў абраны гараднянскі ганчар Мацвей Пячонка. У 2004 годзе патомны ганчар Аўрам Басавец атрымаў спецыяльную прэмію Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь дзеячам культуры і мастацтва.
У 1997 г. Брэсцкі абласны грамадска-культурны цэнтр падрыхтаваў відэафільм аб ганчарстве Гарадной “Кола жыцця”. У 2003 годзе па рашэнні Столінскага райвыканкама ў Гарадной быў створаны Цэнтр ганчарства. Ён размешчаны ў памяшканні Гараднянскага сельскага Дома культуры. Тут рамяству навучаюцца мясцовыя школьнікі, якім ганчарную справу выкладаюць патомныя ганчары.
У 2008 годзе на базе УК “Столінскі раённы краязнаўчы музей” быў адчынены ў в.Гарадная яго філіял-сядзіба ганчара.
Па ініцыятыве і пад кіраўніцтвам ДзУК “Брэсцкі АГКЦ” з 2008 года (з перыядычнасцю раз у два гады) праводзіцца Міжнародны пленэр ганчароў, з удзелам майстроў з далёкага і бліжняга замежжа (Літвы, Латвіі, Польшчы, Украіны, Грузіі, Арменіі, Малдовы, Швецыі, Даніі, Расіі і інш.). За час правядзення пленэраў была створана музейная экспазіцыя, якая налічвае звыш 200 экспанатаў. Таму, для размяшчэння вышэйназванай калекцыі, у 2013 годзе ў Цэнтры ганчарства была створана выставачная зала.