ТУРКОЎ Анатоль Савельевіч
1949 г.н.
Камянец Брэсцкай вобласці
Туркоў Анатоль Савельевіч – самадзейны мастак, майстар разьбы па дрэве, старшыня грамадскага аб’яднання аматараў мастацтва рэгіёну «Белавежская пушча» і Брэстчыны «ТУР», член Беларускага саюза майстроў народнай творчасці з 2004 года, неаднароазовы пераможца і прызёр абласных, рэспубліканскіх і міжнародных конкурсаў.
Нарадзіўся майстар у г. Камянец Брэсцкай вобласці, і ўсе пражытыя ім гады моцна ўплецены ў гісторыю Камянецкага раёна. З 1975 па 1989 гады загадваў мастацкай майстэрняй пры Камянецкім гарадскім Доме культуры. У 1989 годзе стварыў мастацкі кааператыў «Узор» і стаў яго старшынёй, а з 1992 года працаваў мастаком камянецкай жыллёва-камунальнай гаспадаркі.
За час творчай працы Анатоль Савельевіч паказаў сябе дасведчаным, ініцыятыўным, прынцыповым, старанным чалавекам з вялікім жаданнем тварыць. Дзякуючы яго невычэрпнаму энтузіязму і арганізатарскім здольнасцаям, грамадскім аб’яднаннем аматараў мастацтва рэгіёну «Белавежская пушча» і Брэстчыны «ТУР» наладжана вялікая творчая дзейнасць. Разам з актыўнымі ўдзельнікамі аб’яднання, з 2008 года праводзяцца пленэры мастакоў, прысвечаныя памяці Ф.І. Дарашэвіча і сфарміраваны выставачны фонд работ майстроў.
Любімы накірунак прыкладнога мастацтва Анатоля Туркова – разьба па таніраваным фоне, якая характэрна толькі для рэгіёну Белавежская пушча, майстар працуе ў гэтай тэхніцы больш як за сорак гадоў.
Геаграфія паркавай скульптуры, створанай таленавітымі рукамі майстра, неабсяжна! Гэта амаль усе раённыя цэнтры і вядомыя мястэчкі Берасцейшчыны, абласныя цэнтры краіны, блізкае і далёкае замежжа. Польшча, Літва, Украіна, Расія, Германія і Швецыя могуць ганарыцца сапраўднымі творамі манументальнага мастацтва разьбяра, Народнага майстра Беларусі Анатоля Савельевіча Туркова.