ТЫСЕВІЧ Ніна Мікалаеўна
1938 г.н.
Аброва Івацэвіцкага раёна Брэсцкай вобласці
Ніна Мікалаеўна Тысевіч нарадзілася 1 студзеня 1938 года ў весцы Аброва Івацэвіцкага раёна Брэсцкай вобласці, дзе жыве і цяпер.
Усё сваё жыццё працавала ў калгасе імя Чапаева даяркай. Але разам з гэтым Ніна Мікалаеўна знаходзіла вольную хвіліну, каб прыйсці ў мясцовы Дом культуры, дзе разам з вясковымі жанчынамі спявала ў фальклорным калектыве. Акрамя песень, Ніна Мікалаеўна захаплялася і вышыўкай з ткацтвам. Ужо каля 50 гадоў яна займаецца гэтай справай. Яе і зараз можна ўбачыць за калаўротам і кроснамі. Усе яе работы яскравыя і непаўторныя.
Ніна Мікалаеўна вышывае ручнікі, прасціны, навалачкі, тчэ ходнікі і посцілкі. У сваіх вырабах яна выкарыстоўвае мясцовыя традыцыі, творча іх развівае. Узоры прыдумвае сама. Шмат вырабаў выканана ў тэхніцы адвольнай гладзі, але многа і вышыўкі крыжыкам. Як ткачыха – валодае тэхнікай бранага і выбранага ткацтва, і двух, трох, чатырохнітовым ткацтвам.
Як сапраўдны носьбіт старадаўняга майстэрства, сваё ўменне жанчына перадае падрастаючаму пакаленню. Калі ў аброўскай школе народнай творчасці адкрыўся клас вышыўкі і ткацтва, Ніна Мікалаеўна Тысевіч была на занятках частым госцем. Яна і кросны наладжвала, і асноўвала, і вучыла ткаць дзяцей. Варта яшчэ адзначыць і тое, што ў свой час, пераняўшы майстэрства ад маці, перадала яго сваім дачкам і ўнучкам, якія таксама добра вышываюць.