Тэхналогія вырабу шчэпавай птушкі-абярэга на тэрыторыі Бярозаўскага раёна

Тэхналогія вырабу шчэпавай птушкі-абярэга на тэрыторыі

Бярозаўскага раёна

 

У народнай культуры Бярозаўскага раёна традыцыя вырабу выявы птушкі расшчапленнем драўніны мае даўнія глыбокія карані. Птушка трывала існавала ў быце сялян не адно стагоддзе і набыла свае адметныя рысы і формы з адмысловымі прыемамі выканання.

Сфарміраваныя формы надаюць птушцы легкасць і чуласць да руху паветра. У абрысах праглежваецца імкненне да развароту перынак у кола, што вонкава нагадвае стылізаванае сонейка ці расчыненую далонь, якая аберагае, ахінае. Выразаны па краях перынак узор, мае геаметрычныя, традыцыйныя формы трохкутніка. Калі перынкі зводзяцца ў замок, трохкутнікі змыкаюцца і атрымоўваецца прамавугольнік.

Шчэпавая птушка з’яўляецца традыцыйнай цацкай для немаўля. Лёгкая рухомая птушка, як расчыненая далонь маці адначасова з’яўляецца абярэгам ад “дурнога вока” і “урокаў”. А ў час Вялікіх святаў птушка ўпрыгожвала чырвоны кут, абярагала дом і сям’ю.

Традыцыя вырабу птушак прагледжваецца з 18-19 стагоддзяў, да 40-50 гадоў мінулага стагоддзя яна бытавала і была традыцыйнай дэталлю вясковага інтэр’еру. Спробу аднавіць тэхналогію вырабу птушкі зрабіў майстар Юркевіч Сяргей Сяргеевіч у 80-я гады. З моманту адкрыцця Цэнтра раместваў (2012 г.) стасункі метадыста-майстра Лаўрыновіча Аляксандра Аляксандравіча з носьбітамі сталі больш дасканалымі і поўнавартаснымі. Сёння Лаўрыновіч Аляксандр Аляксандравіч, Юркевіч Сяргей Сяргеевіч, Пракапчук Аляксандр Канстанцінавіч з’яўляюцца пераемнікамі сакрэтаў рамяства, вырабляюць класічныя формы птушкі з адметнымі асаблівасцямі, характэрнымі для індывідуальнай творчасці.

Майстры з’яўляюцца пастаяннымі ўдзельнікамі шматлікіх выставак і свят народнай творчасці – птушка заўседы прыцягвае наведвальнікаў. Сучасныя носьбіты традыцыі ажыццяўляюць перадачу свайго майстэрства праз правядзенне майстар-класаў, бо лічаць сваё ўменне каштоўнасцю, якая павінна жыць і перадавацца ад пакалення да пакалення.