ЧЫКВІН Уладзімір Мікалаевіч
1959 г.н.
Кобрын Брэсцкай вобласці
Нарадзіўся 20 красавіка 1959 года ў горадзе Высокае Камянецкага раёна Брэсцкай вобласці. Жыве ў г. Кобрын Брэсцкай вобласці.
У 1976 годзе скончыў Дзмітровіцкую сярэднюю школу. Разьбой па дрэве стаў займацца з 1975 года. Першымі настаўнікамі ў выяўленчым мастацтве і разьбе па дрэве былі маці-педагог мясцовай школы, У.Б. Качаноўскі – настаўнік літаратуры, разьбяр-аматар і А.І. Вінярскі – прафесійны майстар-разьбяр.
Першая выстава адбылася ў 1975 годзе (Усесаюзная выстава творчасці піянераў і школьнікаў – скульптура «Пастух»). З 1976 года пачалася працоўная дзейнасць – лабарант у філіяле акадэміі навук БССР запаведніка «Белавежская Пушча», рабіў каляровыя ілюстацыі да навуковых прац; Брэсцкая фабрыка мастацкіх вырабаў; Камянецкі Дом піянераў кіраўнік гуртка разьбы па дрэве.
У 1980 годзе паступіў у Віцебскі педінстытут на мастацка-графічны факультэт завочнога навучання. Працаваў у Мікалаеўскай васьмігадовай школе і ў Дзмітравіцкай сярэдняй школе Камянецкага раёна, у мастацкай майстэрні Камянецкага Дома культуры. З 1983 года – у Кобрынскам вучылішчы народных мастацкіх промыслаў майстрам разьбы па дрэве. Адзін са стваральнікаў творчай суполкі мастакоў Кобрыншчыны «Варыянт-1». Потым – праца ў мастацкай майстэрні Кобрынскага парку імя А.В.Суворова. Прысвоена кваліфікацыя мастака I-й катэгорыі. З 1986 года – кіраўнік гуртка разьбы па дрэве пры Доме творчасці юных у Кобрыне. Стажыраваўся ў польскім Кракаве па аднаўленню палаца шлюбу палацавага комплексу князёў Браніцкіх, што ў Беластоку, у якасці разьбяра-рэстаўратара, працаваў выкладчыкам рамёстваў у Брэсцкім дзяржаўным універсітэце імя А.С. Пушкіна на мастацкім факультэце. Аўтар праграмы «Разьба па дрэве». У 2005 годзе прыняты ў члены «Беларускага саюза майстроў народнай творчасці», абраны старшынёй абласнога аддзялення «Беларускага саюза майстроў народнай творчасці». Член абласнога савета па традыцыйнаму мастацтву. Займаецца навукова-даследчай працай у кірунку «Беларускі драўляны посуд». Напісаў метадычную працу «Берасцейская драўляная лыжка». Аўтар шматлікіх артыкулаў па мастацтву і культуры.