ШЭЛЕСТ Арсеній Васільевіч


ШЭЛЕСТ
 Арсеній Васільевіч
1936-2010
Гарадная Столінскага раёна Брэсцкай вобласці

Нарадзіўся 12 мая 1936 года ў в. Гарадная Столінскага раёна Брэсцкай вобласці ў сям’і селяніна. Бацька хлопчыка не вярнуўся з вайны, і ўвесь цяжар па гаспадарцы лёг на плечы маці і сына Арсенія. Спачатку, як і ўсе сельскія падлеткі, быў пастушком, а затым, калі крыху падрос, дзесьці з 12-ці гадоў, пачаў вучыцца ганчарству. Вучыўся ў суседа-ганчара. На вуліцы Фяськовай, дзе ён жыў з маці Ярынай, у кожнай хаце працаваў ганчарны круг. Так і асвоіў ганчарнае рамяство, якое дапамагло выжыць пасля вайны. Рэалізацыяй прадукцыі спачатку займалася маці, а затым «на сёлы» сталі браць старэйшыя ганчары-сваякі і Арсенія. Асноўным месцам продажу ганчарнага посуду быў горад Пінск, на рынку якога часта можна было ўбачыць і маладога ганчара Арсенія. Калі ў Гарадной быў арганізаваны калгас (1949), маці таксама запісалася, і хлопец-падлетак працаваў часта замест мамы, якая была занята гаспадаркай. Але занятак ганчарствам не пакідаў, бо гэта быў адзіны рэальны заробак. У 70-90-ыя гады, як і большасць мужчын у Гарадной, ездзіў на заробкі ў Сібір, Курган, бо ганчарства перастала карыстацца вялікім попытам, а сям’ю з пяці дзяцей трэба было нечым карміць.

У канцы 90-ых, з распадам СССР, зноў актыўна займаецца ганчарствам, рэалізуючы самастойна свае вырабы па сёлах і гарадах прыпяцкага Палесся. Вырабы майстра вызначаліся выдатнымі якасцямі: лёгкія, акуратныя, добра глазураваныя. Яны карысталіся вялікім попытам.

З адкрыццём у Гарадной Цэнтра ганчарства (2003) быў запрошаны на працу ў якасці кіраўніка гуртка «Юны ганчар», дзе працаваў да 2009 года. За гады працы падрыхтаваў выдатных ганчароў-братоў Івана і Сяргея Шэлестаў, якія працягваюць справу майстра.

Памёр майстар 12 студзеня 2010 года.