ШЭЛЕСТ Мікалай Якаўлевіч
1936-2014
Гарадная Столінскага раёна Брэсцкай вобласці
Нарадзіўся ў в. Гарадная Столінскага раёна Брэсцкай вобласці ў шматдзетнай сялянскай сям’і. Рана страціў бацьку, ён не вярнуўся з вайны, таму ганчарствам, як і яго трое братоў, заняўся з маленства, тым больш, што ганчаром быў і бацька. Жылі на хутары Лісцянкі, недалёка ад лесу. Мелі свой горан. Так і жылі, вырабляючы і прадаючы посуд. Калі з рэалізацыяй стала складана, як і большасць маладых у Гарадной, стаў ездзіць на заробкі. Ажаніўся, выхаваў чацвёра дзяцей.
З выхадам на пенсію зноў заняўся ганчарствам, якое давала сякі-такі заробак.
Па запрашэнні дырэктара Цэнтра ганчарства Леанавец Алімпіяды Дзмітрыеўны браў удзел у розных мерапрыемствах раённага, абласнога і рэспубліканскага ўзроўняў. Дыпламант рэспубліканскага конкурсу ганчароў «Ганчарнае кола-96». Удзельнік першых Рэспубліканскіх дажынак у г. Століне (1997), Дыпламант Рэспубліканскага свята-кірмашу народнай творчасці «Вясновы букет» (Мінск, 2008). Узнагароджаны граматамі ўпраўлення культуры Брэсцкага аблвыканкама. Прымаў удзел у І, ІІ і ІІІ Міжнародных пленэрах ганчароў у Гарадной (2008, 2010, 2012 гг.).
Памёр майстар у 2014 годзе.