ШЭПЯЛЕВІЧ Віталій Леанідавіч

ШЭПЯЛЕВІЧ Віталій Леанідавіч
1976 г.н.
Ганцавічы Брэсцкай вобласці

Віталій Шэпялевіч нарадзіўся ў 1976 годзе ў горадзе Ганцавічы Брэсцкай вобласці. Скончыў Мірскае мастацкае вучылішча па спецыяльнасці «Ганчар, вытворца мастацкіх вырабаў з керамікі». Два гады працаваў па размеркаванні на Гродзеншчыне. Вярнуўшыся на Ганцаўшчыну, ён працаваў мастаком у ЖКГ і ДЭУ, але доўга без любімай справы не змог і, у хуткім часе паехаў у Мінск, каб працаваць у ганчарнай майстэрні вядомага майстра Алеся Косткі. Менавіта праца з такім чалавекам, зрабіла Віталія Леанідавіча майстрам сваёй справы, дала добрую практыку, навучыла ўсяму таму, што ён умее. Потым майстар вярнуўся ў родны горад і стварыў уласную ганчарную майстэрню, дзе па сённяшні дзень шчыруе з раніцы да позняга вечара. Ганчарства стала справай яго жыцця.

Займаючыся адраджэннем ганчарства, Віталій Шэпялевіч захоўвае традыцыі, аднаўляе страчаныя тэхналогіі, а таксама стварае новыя формы на аснове традыцыйных. Працуе майстар-ганчар у розных тэхніках: гартаванай ці абварной, чорназдымленай, малачонай і глазураванай. Сярод яго вырабаў самы разнастайны посуд для прыгатавання ежы і захавання прадуктаў, розныя арыгінальныя мастацкія рэчы для ўпрыгожвання побыту. Кожны выраб майстра па-свойму непаўторны і прыцягвае сваёй прастатой і вытанчанасцю, што дасягнута дзякуючы высокаму ўзроўню майстэрства ганчара і творчаму падыходу да ганчарнай справы.