ЯРМОЦЫК Наталля Леанідаўна
1963 г.н.
Бяроза Брэсцкай вобласці
Нарадзілася ў в. Людвінава Драгічынскага раёна. Выпускніца Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта імя У. Леніна. Каб асвоіць тэхніку саломапляцення, спецыяльна ўстроілася на працу на Брэсцкую фабрыку сувеніраў. Потым самастойна ўдасканальвала сваё майстэрства па кнізе В. Лабачэўскай «Вазьмі простую саломку», з задавальненнем наведвала майстар-класы па саломапляценні з мэтай набыцця практычных навыкаў і пашырэння творчых магчымасцяў. Наталля Леанідаўна ўжо шмат гадоў стварае сапраўдныя саламяныя цуды, што выклікаюць здзіўленне і захапленне вытанчанасцю выканання, прыгажосцю форм і невычарпальнасцю фантазіі. Ёсць у майстрыхі і асабістая заслуга ў гэтым рамястве. Яна асвоіла амаль страчаную ў рэгіёне старажытную тэхніку спіральнага саломапляцення і стварыла на яе аснове сваю калекцыю посуду: «Калі пляту – адчуваю магію кола, нездарма ж яно было атрыбутам народнай магіі. Не магу адарвацца – кола за колам выкладваюцца жгуты ў цэлы сасуд. Ніколі не ведаю што атрымаецца, сама салома падказвае зрабіць шырокі прыземісты кузуб ці вытанчаную вазачку. І калі ўсё скончана – я шчаслівая, бо сама саломка напаўняе мяне сонцам, энергіяй і формай».
Ужо не адно дзесяцігоддзе Наталля Леанідаўна нязменны кіраўнік і настаўнік узорнай студыі «Цудадзейная саломка», у якой выхаванцы старанна і крапатліва спасцігаюць сакрэты майстэрства саломапляцення.
Жыве і працуе ў Бярозе.